Творчыя сустрэчы з Аксанай Спрынчан

22 жніўня ў чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі адбылася сустрэча беларускай пісьменніцы і паэткі, ураджэнкі горада Лунінца Аксаны Спрынчан з сябрамі клуба “Літаратурная правінцыя”, бібліятэкарамі, аматарамі роднай мовы і літаратуры.

Госцю прысутым прадставіў журналіст і літаратар Вадзім Жылко, які зазначыў, што Аксана Спрынчан штогод перад сваім днём нараджэння наведвае малую радзіму. А ў апошнія гады на сустрэчу з чытачамі Аксана прыходзіць разам са сваёй дачкой Альжбэтай Малішэўскай-Спрынчан. Ад імя бібліятэкі метадыст Вольга Вашкевіч паднесла ў падарунак гасцям літаратурны зборнік “Зямля мая, старонка мілая”, які выдадзены цэнтральнай бібліятэкай да Году малоў радзімы, і ў які нараўне з творамі лунінецкіх аўтараў увайшлі творы Аксаны і Альжбэты.

 

Затым слова ўзялі госці. І паколькі, як ужо было зазначана, гэта далёка не першая сустрэча Аксаны Спрынчан з лунінецкімі чытачамі, яна зрабіла акцэнт на сваіх новых творах і публікацыях у перыядычным друку. 11-гадовая паэтка Альжбэта Малішэўская-Спрынчан таксама чытала свае вершы, і не толькі на роднай, але і на ўкраінскай мове.

Аксана Спрынчан паднесла ў дар бібліятэцы тры свае кнігі. Клубу “Літаратурная правінцыя” пісьменніца падарыла часопісы, дзе надрукаваны яе творы.

Сябры клуба “Літаратурная правінцыя” распавядалі аб напрамках сваёй творчай дзейнасці, чыталі  вершы. Кіраўнік Язвінскага СДК Галіна Абрамчук падарыла Аксане  і яе дачцэ лялькі ручной работы. Валянціна Трухнова і Анастасія Пратасавіцкая прэзентавалі дары са свайго агарода. На заканчэнне ўдельнікі сустрэчы мелі магчымасць узяць аўтограф і сфатаграфавацца з гасцямі. (На верхнім фота: Аксана Спрынчан (у 2-м радзе 4-я злева) і Альжбэта Малішэўская-Спрынчан (у 2-м радзе 3-я злева) разам з сябрамі клуба “Літаратурная правінцыя”).

Сустрэчу з Аксанай Спрынчан у гэты ж дзень з нецярпеннем чакалі таксама чытачы цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі. Пісьменніца распавяла пра сваё дзяцінства, пра першыя творчыя крокі, пра свае літаратурныя задумкі. У гульнявой форме была прадстаўлена «Смачна кніга» аўтара. Дзеці з задавальненнем слухалі «смачныя вершы», адгадвалі загадкі і атрымлівалі прызы. Прадставіла свае новыя вершы і Альжбета Малішэўская-Спрынчан. Супрацоўнікі бібліятэкі павіншавалі Аксану Спрынчан з надыходзячым днём нараджэння і падарылі ёй ляльку Тыльду-жабку (як вядома, Аксана калекцыянуе сувеніры і прадметы ў выглядзе жабак).

68 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий