А   Б   В   Г   Д   Е   Ж   З   І   К   Л   М  Н   О   П   Р   С   Т   У   Ф   Х   Ц   Ч   Ш   Э   Ю   Я

Абрэмбскі Юзаф (1905—1967) – польскі этнолаг і сацыёлаг, вучань Браніслава Маліноўскага. У 1934—1937 гг. праводзіў этнасацыялагічныя палявыя даследаванні на Палессі, у тым ліку на Лунінеччыне, вынікам якіх стала падрыхтоўка і публікацыя некалькіх грунтоўных навуковых прац. У працах Юзафа Абрэмскага ўпамінаецца каля 10 вёсачак і мястэчак Лунінеччыны.

..

..


Авідзій (Публій Авідзій Назон, лац.: Ovidius; 43 г. да н.э. — 17 ці 18 г. н.э.) – антычны рымскі паэт эпохі прынцыпату. Аўтар шматлікіх любоўных лірычных элегій, пасланняў, а таксама твора «Метамарфозы». Паводле легенды лёс занёс рымскага паэта ў ваколіцы цяперашняга Кажан-Гарадка Лунінецкага раёна. Захварэўшы ў дарозе, ён тут памёр і пахаваны на Відушнай гары. Легенду выкарыстаў беларускі і польскі паэт і краязнаўца Уладзіслаў Сыракомля ў вершы “Авідзій на Палессі”.

..

..

..


Аўраменка Мікалай Міхайлавіч (1950 — 2021) – кандыдат тэхнічных навук, аўтар 140 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 5 вынаходніцтваў, ганаровы меліяратар Рэспублікі Беларусь.  Напрамак навуковай дзейнасці – меліярацыйнае ўладкаванне асушаных зямель з тарфянымі глебамі на Палессі. Працаваў намеснікам дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Палеская вопытная станцыя» па навуковай працы і загадчыкам навукова-даследчага аддзела меліярацыі, рэкультывацыі і аховы зямель.

..

..

..


Аляшкевіч Вольга Віктараўна (1977 — 2005) — аўтар вершаў.  Нарадзілася 2 красавіка 1977 года ў горадзе Еўпаторыя Крымскай вобласці. Калі дзяўчынцы споўнілася восем месяцаў сям’я пераехала ў Лунінец. У 1999 годзе пачала пісаць вершы. Вольга пакутавала цяжкім захворваннем, пайшла з жыцця ва ўзросце 28 гадоў.

У Лунінцы памяці Вольгі Аляшкевіч штогод праходзіць конкурс аўтараў вершаў краязнаўчай тэматыкі.

..

..


Анцукевіч Мікалай Пятровіч (4(17).02.1892, Ельск Мазарскага павета – 21.12.1971, Вільнюс) – педагог, гісторык, лінгвіст, перакладчык. Сваёй самаадданай працай пакінуў дабратворны след у Лунінцы, дзе ў 1926 годзе зрабіў пераклад “Слова пра паход Ігараў” на сучасную рускую мову. У 1920-1927гг. працаваў настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў Лунінецкай прыватнай рускай гімназіі, дзе карыстаўся аўтарытэтам. Лунінец стаў для Мікалая Анцукевіча не толькі месцам працы. У 1922 годзе ён ажаніўся з дачкой дыякана мясцовай Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы, настаўніцай рускай мовы і літаратуры Вольгай Васільеўнай Казюліч. У Лунінцы нарадзіліся двое іх сыноў.

..

..


Арабейка Іван Сяргеевіч – беларускі паэт. Нарадзіўся 26 сакавіка 1942 года ў вёсцы Хмелева Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1979). Дэбютаваў вершам у 1963 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Услед за сонцам» (1972), «Асенні ранак» (1978), «Сказаць хачу» (2012). Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі. Узнагароджаны літаратурнай преміяй імя Уладзіміра Калесніка (2012). Узнагароду атрымаў у г. Лунінцы падчас літаратурнага свята “Лунінская восень”.

..

..


Арэшка Міхаіл Сцяпанавіч — аўтар вершаў і празаічных твораў. Нарадзіўся 8 верасня 1959 года ў вёсцы Язвінкі Лунінецкага раёна.. Нататкі, вершы, рэцэнзіі на кнігі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў друкаваліся ў газетах «Лунінецкія навіны», «Чырвоная змена», «Заря», «Во славу Родины», «Ваеннай газеце», часопісе «Бярозка». З 1981 па 1999 гг. узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раеннай газеце «Ленінскі шлях», (потым «Лунінецкія навіны»).  Зараз супрацоўнічае з газетай «Информ-прогулка» (Лунінец).

..

..


Балахонаў Сяргей Мікалаевіч (1924 – 2003) – журналіст, пісьменнік. Нарадзіўся ў вёсцы Верэіно Чусаўскага раёна (Персмскі край, Расія). Ваяваў у Вялікую Айчынную вайну на 1-м Украінскім фронце. Пасля вайны працаваў у газетах Пермскага краю і на абласным радыё. У 1964 годзе выйшла дакументальная кніга С. Балахонава «Тропы ведут к дороге» пра баявы шлях камандзіра партызанскага атрада «За Радзіму» брыгады имя Кірава Пінскага злучэння Міхаіла Георгіевіча Каштанава. Атрад дзейнічаў  на тэрыторыі Лунінецкага раёна.

..

..


Бандарэнка Ганна Пятроўна —  аўтар вершаў, песень, газетных і часопісных артыкулаў, мастацкіх замалёвак. Нарадзілася 10 чэрвеня 1947 года ў Паўночным Казахстане, дзе і пачала сваю літаратурную дзейнасць. У 2001 годзе пераехала на радзіму мужа, у Беларусь, г. Лунінец. Друкуецца ў мясцовай і рэспубліканскай прэсе. Асобнымі выданнямі выйшлі: кніга «Маёй душы мелодыя», прысвечаная музыканту А. Гурбановічу;  зборнік дзіцячых вершаў «Василисе аб Василисе»; зборнік «Кладовая любви». З’яўляецца кіраўніком літаратурна-музычнага клуба «Свеча» і Народнага паэтычнага клуба «Муза» пры ГДК г.Лунінца.

..

..


Башлакоў Міхась (Міхаіл Захаравіч) — беларускі паэт. Нарадзіўся 27 красавіка 1951 г. у пасёлку Станцыя Церуха (знаходзіцца ў п. Баштан) Гомельскага раёна. У 1994 годзе ў статусе  вядучага рэдактара арганіцыйна-метадычнага цэнтра па выданні гісторыка-дакументальных хронік памяці Дзяржкамдруку наведаў Лунінецкі раён, дзе выступіў перад калектывамі СШ № 4 г. Лунінца, народным гуртам “Лабчанка” ў вясковай бібліятэцы, навучэнцамі ПТВ-146, былымі вязнямі нацызму і грамадскасцю горада ў Лунінецкім ГДК. М. Башлакоў знаёміў лунінчан са сваім зборнікам “Дні мае залатыя”.

..

..


Бензярук Анатоль Расціслававіч — беларускі гісторык, краязнаўца, журналіст, празаік. Нарадзіўся 4 студзеня 1969 г. у вёсцы Бастынь Лунінецкага раёна ў сямь’і настаўнікаў. З 1975 года жыве ў Жабінцы. Мае шмат узнагарод за працы па краязнаўстве і ахове гісторыка-культурнай спадчыны, літаратурную і журналісцкую працу, у тым ліку ўзнагарлоджаны літаратурнай прэміяй імя У. Калесніка ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» (прэмія ўручаецца на свяце “Лунінская восень”).

..

..


Бензярук Расціслаў Мацвеевічпісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся 27 лютага 1944 года ў вёсцы Стрыганецкія Бусні Жабінкаўскага раёна.  Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна па размеркаванні працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Бастынскай сярэдняй школе Лунінецкага раёна. Шмат піша для дзяцей. Многія казкі пісьменніка змешчаны ў школьных падручніках. Лаўрэат прэміі імя У. Калесніка ў намінацыі “Дзіцячая літаратура” (прэмія ўручаецца на свяце “Лунінская восень”).

..

..


Блок Аляксандр Аляксандравіч  (1880 — 1921) — рускі паэт, пісьменнік, публіцыст, драматург, перакладчык, літаратурны крытык. Класік рускай літаратуры XX стагоддзя. У 1916 – 1917 гг.  жыў і працаваў на Палессі. У гэтыя гады неаднаразова бываў у Лунінцы і на станцыі Лоўча. На Лунінеччыне шырока ўшанаваецца памяць выдатнага рускага паэта. Ёсць мемарыяльныя дошкі на станцыйным будынку ў Лоўчы і на будынку музея ў Лунінцы, традыцыйнымі сталі літаратурныя дні, прысвечаныя паэту.

..

..


Брыль Янка (Іван Антонавіч) (1917 — 2006) празаік, эсэіст, перакладчык, дзіцячы пісьменнік, грамадскі дзеяч. Народны пісьменнік Беларусі. У 1950 гадах Янка Брыль быў на Лунінеччыне ў камандзіроўцы (тады літаратараў перад выбарамі ў дэпутаты Вярхоўнага Савета адпраўлялі пісаць нарысы пра кандыдатаў). Разважанні пра гэта наведванне апублікаваны ў часопісе “Полымя” пад назвай “Вячэрнее”, дзе распавядаецца пра ўражанні аб адкрытым партыйным сходзе аб прыняцці сялян у калгас у вёсцы Дзятлавічы Лунінецкага раёна. Таксама ў раённай газеце “Авангард”  ад 2 сакавіка 1950 г. надрукаваны нарыс ”Слуга народа”, які падпісаны імем славутага пісьменніка. Ён распавядае пра жыццёвы шлях батрака, сяляніна, партызана Барыса Мікалаевіча Цельпука.

..


Бутэвіч Анатоль Іванавіч (нар. 15 чэрвеня 1948, хут. Язавец Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.; Псеўданім: Максім Валошка) — беларускі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык. У верасні 2011 г. у якасці намесніка старшыні Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў наведаў Лунінецкі раён ў рамках Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга ў Іерусаліме.

..

..

..


Вайндрах Георгій Аляксандравіч (1925 – 1992) – гісторык, краязнаўца. Нарадзіўся 9 верасня 1925 г. у Адэсе. У 1954 — 1968 гг. працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдніх школах № 1 і № 3 г. Лунінца, адначасова вёў лектарскую работу, актыўна займаўся краязнаўствам, супрацоўнічаў з раённай газетай. Сабраныя Г. А. Вайндрахам матэрыялы былі выкарыстаны для кнігі “Памяць. Лунінецкі раён” (Мінск,1995). У доме, дзе жыў Г. А. Вайндрах, сёння працуе раённы краязнаўчы музей, пры стварэнні якога былі выкарыстаны многія матэрыялы, сабраныя Г.А. Вайндрахам.

..

..


Верцель Леанід Вячаслававіч – карэльскі пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Расіі. Нарадзіўся 2 ліпеня 1940 года ў вёсцы Убалоцце Магілёўскай вобласці. Адразу пасля вайны год жыў з бацькамі ў Берліне. Вясной 1947 года прыехаў з сям’ёй у Мікашэвічы, дзе пражыў дзесяць гадоў і скончыў сярэднюю школу. Гэтае дзесяцігоддзе і падзеі тых гадоў, сведкам якіх яму давялося быць, адлюстраваў у нарысе «Из жизни послевоенных Микашевичей» (2013 год) і ў працягу нарысу, напісаным у 2017 годзе. З 1957 года жыве ў Карэліі. Публікуецца ў часопісах, выдаў два зборнікі апавяданняў: «Наш белый свет» и «Я люблю тебя, жизнь…».

..

..


Віктарава Лілія Андрэеўна — аўтар паэтычных зборнікаў, выдадзеных лунінецкімі энтузіястамі, «Голос сердца», «Отблески заката», «Искорка надежды», «Небесной синевы волшебная вуаль». Нарадзілася 31 кастрычніка 1962 года ў вёсцы Перунова Лунінецкага раёна. Зараз жыве ў Лунінцы.

..

..

..


Вольскі Віталь, сапр.: Віталь Фрыдрыхавіч Зэйдэль-Вольскі (5 верасня 1901, Санкт-Пецярбург — 22 верасня 1988) — беларускі празаік, драматург, літаратуразнаўца, краязнаўца, палітычны дзеяч. У кнізе “Палессе” (1971) апісаў сваё падарожжа па Лунінеччыне, знаходжанне ў Лунінцы, вёсках Лахва і Кажан-Гарадок.

.

..

..


Гарадзецкі Шыман (1920 — 2001) —   паэт, празаік. Нарадзіўся ў Мікашэвічах у вялікай габрэйскай сям’і. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны сям’і Гарадзецкіх удалося эвакуявацца ў глыбокі тыл. Там яны з братам запісаліся ў армію Андэрса. З 1942 г. жыў у Хайфе (Ізраіль). Шыман Гарадзецкі — аўтар шматлікіх вершаў, аповесці “Эхіэль-герой” (1996), прысвечанай нашаму земляку з Пінска Ехіэлю Хагібору. У 1999 г. Шымон Гарадзецкі наведаў сваю радзіму, аддаў належнае памяці землякоў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны.

..

..


Гаргун Галіна Аляксандраўна  — аўтар паэтычных твораў. Нарадзілася ў горадзе Цімашэўске Краснадарскага краю Расіі 12 мая 1965 года. У 1987 годзе пераехала на радзіму мужа,  у г. Лунінец. Пачала друкавацца ў газеце «Лунінецкія навіны», з якой супрацоўнічае да сённяшніх дзён. Г.А. Гаргун мае каля 40 дыпломаў і грамат за ўдзел у мясцовых, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных фестывалях. У 1997 годзе выйшаў у свет міні-зборнік вершаў «Жизненная позиция». У 2007 годзе ў Мінску невялікім тыражом была выдадзена кніга вершаў “Давайте будем жить с любовью”. Вершы Галіны Горгун былі ўключаны ў часопісы і паэтычныя зборнікі ў  Мінску, Хабараўску, Пензе. З’яўляецца пазаштатным карэспандэнтам газеты «Вместе».

..

..


Гардзіцкі Аляксей Кузьміч (1934 – 1999) — беларускі літаратуразнаўца і літаратурны крытык. У 1956 г. быў накіраваны на працу ў тагачасны Ленінскі (сёння Лунінецкі) раён. Завуч Мікашэвіцкага дзіцячага дома (адначасова выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школе рабочай моладзі), другі сакратар Ленінскага райкама камсамола, супрацоўнік раённай газеты — месцы працы А.Гардзіцкага на Лунінеччыне на працягу трох гадоў.

..

..

..


Грамыка Ларыса Дзяменцьеўна — педагог, журналіст, пісьменнік. Нарадзілася 22 лістапада 1946 года ў Лунінцы, дзе пражыла большую частку свайго жыцця. Зараз жыве ў горадзе Пенза (Расія). Член Саюза журналістаў РФ. Аўтар шэрагу артыкулаў аб лёсах землякоў, аб людзях, што ў розныя гады ішлі з ёй побач па жыцці. Лепшыя нарысы ўвайші ў аўтарскія зборнікі, выдаденыя ў Лунінцы і Пензе.

..

..

..


Грыдзюшка Вольга Сцяпанаўна — аўтар паэтычных твораў. Нарадзілася ў 1954 годзе ў вёсцы Багданаўка Лунінецкага раёна. Выкдадала рускую мову і літаратуру ў Лунінцы і вёсках Баравікі і Багданаўка Лунінецкага раёна. Друкуецца ў мясцовай прэсе, альманаху «Лунінецкая муза», калектыўных зборніках. Член клуба «Літаратурная правінцыя» пры цэнтральнай бібліятэцы і клуба «Муза» пры ГДК.

..

..


Гурбановіч Андрэй Данілавіч – аўтар песень (музыкі і вершаў). Нарадзіўся 1 мая 1945 годзе ў вёсцы Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна. У 1974 годзе стварыў калектыў мастацкай самадзейнасці Лунінецкай раённай арганізацыі БелТІЗ, які паспяхова паспяхова выступае па сёняшні дзень. Аўтарскія песні А.Д. Гурбановіча выконваюцца як народнымі калектывамі Лунінеччыны,  так і іншымі выканаўцамі па ўсёй Беларусі. За гады творчай дзейнасці выйшлі ў свет два зборнікі аўтарскай песні «Палескі край» і «Спявай-ма разам». Выбраныя вершы ўвайшлі ў зборнікі літаратурнага аб’яднання «Выток» і рэспубліканскую кнігу «За ўсё табе дзякую».

..

..

І


Гусціновіч Васіль Фёдарафіч (1935 – 2014) – пісьменнік, педагог.  Нарадзіўся в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна. Працаваў настаўнікам гісторыі, беларускай мовы і літаратуры ў Оршы. Друкавалася ў рэспубліканскіх і абласных газетах, у часопісах “Полымя”. “Маладосць”, “Родная прырода”, ”Вожык”, ”Алеся”, у альманаху “Дзвіна”, у паэтычным зборніку ”Крыло”. Быў пераможцам рэспубліканскага конкурсу на лепшага збіральніка фальклору. Пахаваны ў в. Кажан-Гарадок.

..

..


Дзедзіна Надзея Паўлаўна — аўтар вершаў, настаўнік-філолаг. Нарадзілася 15 чэрвеня 1979 года  ў вёсцы Дзятлавічы Лунінецкага раена. Зараз працуе ў гімназіі імя У.Нядзведскага. Жыве ў Мікашэвічах. Надзея Паўлаўна з’яўляецца актыўным і найбольш вядомым у горадзе Мікашэвічы аўтарам і ўдзельнікам клуба “Паэтычная глыбінка”. У 2017 годзе  стала  ўдзельніцай  клуба “Литературная провинция” пры Лунінецкай цэнтральнай бібліятэкай. У зборніку “Полет вдохновения”,  які выдадзены ў 2017г.,  прадстаўлены творы ўсіх членаў клуба, у тым ліку і вершы  Н. Дзедзінай. У сваіх вершах Надзея Паўлаўна разважае на тэмы  чалавечых каштоўнасцей, а таксама кахання, як самага выдатнага і ўзнеслага пачуцця…

..

..


Елянеўскі Мікалай Васільевіч (1948 — 2013) — пісьменнік, журналіст. Нарадзіўся 5 красавіка 1948 года ў вёсцы Лунін Лунінецкага раёна. Каля 25 гадоў працаваў у армейкіх газетах Расіі, Германіі, Узбекістану. У 1999 годзе пераехаў у Пінск і ўзначаліў раённую разету «Полесская правда». Часта бываў на радзіме. Менавіта па яго ініцыятыве пачалі ладзіць свята «Лунінская восень», а яго раман «Время пастыря» апавядае пра мовазнаўцу-самародка, святара Барысаглебскага храма вёскі Лунін Платона Ціхановіча. М. Елянеўскі — лаўрэат шэрагу прэмій Беларускага Саюза журналістаў, Міністэрства інфармацыі РБ, Брэсцкага аблвыканкама.

..

..


Жук Рыгор Андрэевіч — аўтар паэтычных твораў. Нарадзіўся ў 1944 годзе ў Лунінцы. Друкуецца ў мясцовай прэсе, альманаху «Лунінецкая муза», калектыўных зборніках. Аддзелам бібліятэчнага маркетынку Лунінецкай  цэнтральнай раённай бібліятэкі асобнай брашурай выдадзены зборнік вершаў «Пошук чароўнасці». Член клуба «Літаратурная правінцыя» пры цэнтральнай бібліятэцы і клуба «Муза» пры ГДК.

..

..


Зіміч Пётр Іванавіч –  кандыдат геаграфічных навук, сапраўдны член Рускага геаграфічнага таварыства, ганаровы палярнік. Нарадзіўся ў 1936 годзе ў вёсцы Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна. Жыў і працаваў на Чукотцы. Займаўся палярнай метэаралогіяй ў марскім порце Певек. На яго рахунку тры навуковыя манаграфіі, прысвечаныя атмасферным працэсам і вятрам Чукоцкага ўзбярэжжа.

..

..

..


Зянкевіч Рамуальд Сымонавіч (1.02.1811 – 11.09.1868) – беларускі фалькларыст, этнограф, педагог. Нарадзіўся ў Свянцянскім павеце Віленскай губерніі. Збіраў беларускія народныя песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі. У 1847 г. у часопісе «Athenaeum» («Атэнэум») у перакладзе на польскую мову надрукаваў «Народныя песні, сабрдныя на Піншчыне i перакладзеныя Р.Зянкевічам». У зборніку «Народныя песні пінскага люду» (Коўна, 1851) змясціў 219 народных песень, запісаных над Пінай, Прыпяццю i Цной. У 1844 – 1849 гг. жыў у Луніне Пінскага павета (зараз Лунінецкі раён), у рэзідэнцыі князёў Друцкіх-Любецкіх. Увекавечыў у вершах атмасферу дома і памяць пра сям’ю князёў Друцкіх-Любецкіх і Неміровічаў-Шчытоў. Малады гаспадар маёнтка Эдвін Друцкі-Любецкі дазволіў Зянкевічу карыстацца сваёй бібліятэкай, уласным архівам і кабінетам.

..

..

..


Казун Максім Міхайлавіч (1952 — 2018) — аўтар вершаў, апавяданняў, гумарэсак, дакументальных нарысаў. Нарадзіўся 5 мая 1952 г. у вёсцы Вічын Лунінецкага раёна. Друкаваўся ў мясцовай прэсе. Творы М. Казуна таксама былі былі надрукаваны ў часопісах “Работніца і сялянка”, “Вожык”, “Першацвет”, “Советский воин”, “Крыніца”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, “Сельская газета”, “Во славу Родины”, “Железнодорожник Белоруссии”, “Заря”, “Народная трыбуна” і іншых.

..

..


Казун Фёдар Андрээвіч (1937 – 2013) – журналіст, паэт, пісьменнік. Нарадзіўся ў вёсцы Дрэбск Лунінецкага раёна. Ва ўзросце 15 гадоў пераехаў у Данбас. Уся працоўная дзейнасць была звязана з вугальнай прамысловасцю. Перайшоўшы на літаратурную працу, застаўся верны шахцёрскаму братэрству. Пяру пісьменніка належаць кнігі «Возьму себе в помощь», «Ложняк», «Свет на шахтерских ладонях», «Дыхание прожитых лет», «Углем крещенные», «Их воспитал Донбасс», «Горные первопроходцы подземных горизонтов». Ф. А. Казун пакінуў нашчадкам звыш 400 вершаў, у якіх услаўляецца шахцёрская праца.


Калінковіч Мікалай Мікалаевіч (1950 — 1990) — пісьменнік, краязнаўца, нарадзіўся 18 снежня 1950г. у вёсцы Цна Лунінецкага раёна. Аўтар кніг “Лунінец”(1981, 1990), “Палескіе дні Аляксандра Блока”, “Якуб Колас у Лунінцы.  “Імя мае – Свабода”, “Не парываецца зямная сувязь” і інш.

У 2001 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Мікалаю Калінковічу, узведенага выключна на дабрачынныя сродкі, каля будынка цэнтральнай раённай бібліятэкі.

 Удзячныя землякі назвалі імем Мікалая Калінковіча адну з вуліц города і вуліцу ў вёсцы Цна.

..

..


Калянковіч Іван Іванавіч  (1947 — 1996)  –  даследчык літаратуры, літаратурны крытык.  Нарадзіўся  ў вёсцы Цна Лунінецкага раёна. Кандыдат філалагічных навук (1979). Працаваў настаўнікам Ракітнянскай і Любанскай школ Лунінецкага раёна. У 1975–1985, 1992–1996 гг. выкладаў у Брэсцкім педагагічным інстытуце. Вывучаў сучасную вясковую прозу, даследаваў творчасць пісьменнікаў-землякоў, друкаваўся ў краязнаўчыя выданнях, пісаў артыкулы для энцыклапедычнага даведніка “Янка Купала”, уваходзіў у склад аўтарскага калектыву па напісанні падручнікаў па беларускай літаратуры для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы.

..

..


Канапацкая Таццяна Васільеўна — прафесійны журналіст, аўтар-укладальнік шэрагу краязнаўчых выданняў, арганізатар літаратурна-краязнаўчых святаў, фестываляў, праграм. Нарадзілася 10 чэрвеня 1958 года ў Лунінцы.

Аўтар кніг: “Лунінецкая памяць. Дадатак 1” (2006),  “Лунінецкая памяць. Дадатак 2” (2007), “Лунінецкая памяць. Дадатак 3. Бастынь” (2008),“Лунінецкая памяць. Дадатак 4. Духоўнасць” (2010), “Лунінецкая памяць. Дадатак 5. Кнігі і лёсы” (2013), “Лунінецкая памяць. Дадатак 6. Мелясніца. Погляд з Грані” (2017), укладальнік і аўтар шэрагу артыкулаў гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць: Лунінецкі раён”  (Мінск: Беларусь, 1995).

..

..


Кантрым Казімір (1762 – 1836) — публіцыст, рэдактар, бібліятэкар. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, у маладосці служыў на ваеннай службе. Удзельнік паўстання 1794 года. Працаваў у розных установах Вільні. У 1825 годзе выйшаў у адстаўку, перасяліўся ў Варшаву, дзе па даручэнні міністра фінансаў займаўся даследаваннем стану прамысловасці і гандлю на Палессі.  Вынікам яго  даследавання  з’явілася кніга “Падарожжа Кантрыма”, якая выдадзена у Познані ў  1839 годзе.  Аўтар апісаў архітэктурныя каштоўнасці Лунінеччыны і найбольш распаўсюджаныя тут рамёствы: у Лунінцы рабілі выдатныя боты, якімі  гандлявалі не толькі на месцы, але і вывозілі іх на продаж, у прыватнасці, у Вільню.

..

..


Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (1930 — 1984) – беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Адна з найбольш яскравых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX ст. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Уладзімір Караткевіч да апошніх дзён свайго жыцця наталяў прагу пазнання Беларусі. Няма такога ў яе куточка, дзе б ён не пабываў. Асабліва любіў Палессе. Быў тут не аднойчы. І для апошняй сваёй вандроўкі ў каторы раз выбраў гэты край. На Лунінеччыне Уладзімір Караткевіч быў у 1969 г., калі здзяйсняў падарожжа па Прыпяці па заданні часопіса “Маладосць”. У гэты час пісьменнік працаваў над кнігай “Зямля пад белымі крыламі” для ўкраінскага чытача. У 1971 г. кніга была закончана. У ёй ёсць захапляльныя радкі, прысвечаныя вёсцы Лахва і рэчцы Смердзь.

..

..


Каратышэўская-Лабачэўская Аляксандра Іванаўна (1910 — 2002) — пісьменнік, журналіст. Нарадзілася 19 студзеня 1910 г. у Лунінцы. Вучылася ў Вільні. Да 1939 года жыла ў Варшаве, Лунінцы, Пінску. Як член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі некалькі разоў арыштоўвалася польскімі ўладамі.  Пасля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад БССР працавала ў газеце «Полесская правда» (г. Пінск), супрацоўнічала з газетай на польскай мове «Штандар вольнасці»  (г.Мінск). Пісала вершы. Аўтар аповесці «Опаленные крылья».

..

..


Карлюкевіч Алесь Мікалаевіч – журналіст, краязнаўца, літаратуразнаўца. З верасня 2017 г. – Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся 6 студзеня 1964 года ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна. У 1985-1987гг. некалькі разоў сустракаўся ў Ашхабадзе і інтэсіўна ліставаўся з нашым земляком пісьменнікам Мікалаем Калінковічам, а таксама пісаў аб ім у туркменскім і беларускім друку.

..

..


Карпенка Міхась Фядотавіч (1930–2006) – туркменскі і беларускі журналіст, публіцыст, паэт. Нарадзіўся ў в. Максімаўка Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці. Заслужаны дзеяч культуры Туркменістана. Член Саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Туркменістана. У час журналісцкай працы ў Туркеменістане сустракаўся з лунінецкім пісьменнікам і журналістам М. Калінковічам. Пяру М. Карпенкі належыць 12 кніг. У іх ліку “Бярозавая галінка”, у якой ёсць верш, прысвечаны вёсцы Лахва Лунінецкага раёна.

..

..

..


Карскі Яўхім Фёдаравіч (20.12.1860 (01.01.1861), в.Лаша Гродзенскага р-на, 29.04.1931 гг.) – філолаг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф. У 1903г. прафесар Варшаўскага універсітэта Я.Ф. Карскі атрымаў грошы на правядзенне экспедыцыі па вывучэнні беларускай мовы. Маршрут ахопліваў у тым ліку і Лунінецкі раён — Лахву, Лунін, Лунінец, Дзятлавічы.

..

..


Катляр Іван Іванавічбеларускі філосаф і палітолаг, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 15 чэрвеня 1941 года у в. Балотца Навагрудскага раёна Гродзенскай воблаці. Пасля заканчэння гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута працаваў настаўнікам у в. Дварэц Лунінецкого раёна. Часта бываў у Лунінцы і ў в. Любань Лунінецкагв раёна, адкуль родам яго жонка. У 1993 годзе лунінецкае МП «Спектр» выпусціла яго першую кнігу  “Взгляд изнутри». У 2019 г. браў удзел ў круглым стале па правах чалавека, што праходзіў у Лунінцы.

..

..


Каўко Аляксей Трафімавіч (1922 – 2012) – журналіст, пісьменнік. Нарадзіўся 28 сакавіка 1922 года ў вёсцы Міраслаўка Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1957 – 1962 гг. працаваў рэдактарам лунінецкай раённай газеты  “Авангард”.

..

..

..


Колас Якуб, Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч (1882 – 1956) — беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Янкам Купалам) сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. З лістапада 1911 па люты 1912 г. жыў і працаваў у Лунінцы. Тут была пачата праца над паэмай “Сымон-музыка”, напісаны некалькі вершаў, апавяданні “Нёманаў дар”, “Трывога” і “Недаступны”. У 1947 годзе Якуб Колас зноў наведаў Лунінеччыну. Як кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР ён сустракаўся са сваімі выбаршчыкамі ў Мікашэвічах, Сінкевічах, Сцяблевічах. Свае ўражанні ад паездкі занатаваў у дзённіку “На схіле дзён” .

..

..


Коласаў Леў Леанідавіч (1932 — 2021) — краязнаўца, філатэліст, гісторык пошты. Нарадзіўся 20 чэрвеня 1932 года ў Лунінцы.  Узнагароджаны больш за 100 медаллямі за калекцыі на філатэлістычных выставах. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца яго выставачныя калекцыі «Старыя пісьмы Беларусі», «Старонкі гісторыі Беларусі», «Палявая пошта 1941-1945 гг». Сотні публікацый Л.Коласава прысвечаны краязнаўству, рэгіянальнай гісторыі Беларусі, перш за ўсё роднай Лунінеччыне. Аўтар кніг «Паштовыя дарогі Беларусі» (1982), «Філатэлія аб Беларусі» (1984), «Вымерлыя і паміраючыя прафесіі (2003) аб даваеннай гісторыі Лунінца. У складзе раённай камісіі ствараў гісторыка- дакументальную хроніку «Памяць. Лунінецкі раен (1995), аўтар мноства артыкулаў у гэтай кнізе.

..

..

..


Крашэўскі Юзаф Ігнацы (Іосіф Ігнат) (польск.: Józef Ignacy Kraszewski; 28 ліпеня 1812, Варшава, Вялікае герцагства Варшаўскае, цяпер Польшча – 19 сакавіка 1887, Жэнева, Швейцарыя) – польскі і беларускі пісьменнік, гісторык і фалькларыст, рэдактар, выдавец, публіцыст. Пісаў па-польску, лічыцца адным з найвялікшых польскіх пісьменнікаў. Здзейсніў падарожжа па Беларусі, у прыватнасці, аб’ездзіў Піншчыну, Лунінеччыну. Вынікам паездкі з’явіўся шэраг краязнаўчых нарысаў. Так нарадзіліся літаратурна-этнаграфічныя рэляцыі «Пінск і яго наваколле» (1837), «Успаміны пра Палессе, Валынь і Літву» (1840).

..

..


Купрэеў Мікола Сымонавіч (Сямёнавіч) (25 мая 1937, вёска Ямнае, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць — 19 верасня 2004, вёска Лясная, Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці) — беларускі паэт, пісьменнік. У 1990-х гадах ХХ стагоддзя працаваў некаторы час у Вульцы-2 настаўнікам і жыў у школьным інтэнаце. У 2007 годзе кніга “Палеская элегія” (1998) на свяце “Лунінская восень” узнарароджана абласной літаратурнай прэміяй імя У. Калесніка. Узнагароду адтрымала дачка пісьменніка.

..

..

..


Лаўшук Сцяпан Сцяпанавіч – беларускі літаратуразнаўца, пісьменнік. Нарадзіўся 28 ліпеня 1944 г. у г. Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл.Член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар. Даследуе праблемы развіцця беларускай драматургіі. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1967). Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара ў Дзятлавіцкай, Лахвенскай сярэдніх школах, загадчыкам аддзела арганізацыйна-камсамольскай работы райкама камсамола, дырэктарам Бродніцкай васьмігадовай школы Лунінецкага раёна.

..

..


Лапанік Фёдар  Максімавіч – журналіст.  Нарадзіўся ў 1937 годзе ў вёсцы Новыя Фалічы на Старадарожчыне. З 1963 года  працаваў у лунінецкай раённай газеце “Ленінскі шлях” карэспандэнтам сельскагаспадарчага аддзела, пазней – у ляхавіцкай  раённай газеце “Будаўнік камунізму”. Аўтар шматлікіх артыкулаў, замалёвак, нарысаў пра сельскія будні мясцовых жыхароў. На працягу многіх гадоў узначальваў сельскагаспадарчы аддзел у газеце “Будаўнік камунізму”, адкуль паўшоў на пенсію.

..

..

..


Літвінчук Васіль Андрыянавіч (нар. 1 ліпеня 1930 г.) — партыйны і грамадскі дзеяч, удзельнік партызанскага руху, аўтар дакументальна-мастацкай кнігі  “Там, за Днепра-Бугам”, шэраг глаў якой прысвечаны партызанскаму руху на Лунінеччыне. З 1962 па 1970 гг. узначальваў лунінецкую раённую газету «Ленінскі шлях». З 1970  г. – другі сакратар Лунінецкага РК КПБ, з 1974-га – старшыня Лунінецкага райвыканкама. З 1983 па 1991 – начальнік упраўлення Брэсцкага аблвыканкама па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю. З гэтай пасады пайшоў на пенсію. Узнагароджаны многімі ордэнамі і медалямі СССР.

..

..


Ляскавец (Взёнтак) Алена Рыгораўна (1898 – 1990) – аўтар кнігі “Домашняя кулинария”, якая была выдадзена  ў 1969 і 1973 гг. у выдаведстве «Беларусь». У 1920—1949 гг. працавала настаўніцай на Лунінеччыне, у вёсках Дрэбск, Лахва.


Мадэй Багдан — польскі празаік. Нарадзіўся ў 1934 г. у Мікашэвічах у сям’і бухгалтара і настаўніцы. Тут прайшлі першыя два гады жыцця пісьменніка. Затым сям’я Мадэяў пераехала ў Гародню, а з пачаткам Другой сусветнай вайны — у Польшчу. Пяру Багдана Мадэя належыць некалькі зборнікаў апавяданняў, аповесці: “Маладыя дарослыя людзі”, “Баль”, “Сузор’е” і інш. Багдан Мадэй выступае таксама як перакладчык з англійскай мовы.


Мазько Андрэй Іванавіч — паэт. Нарадзіўся 20 сакавіка 1955 у вёсцы Упірава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 2004–2012 гадах працаваў намеснікам старшыні Лунінецкага райвыканкама, у 2012–2014 гадах – намеснікам дырэктара ОАО “Палессеэлектрамаш”. Выдаў зборнікі паэзіі «Жывы калодзеж», (1999), «Дні і ночы мае» (2003). У 2001 годзе быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Рэкамендацыі яму напісалі вядомыя творцы: Ніл Гілевіч, Ніна Мацяш, Уладзімір Гніламёдаў, Алесь Каско.

..

..


Макаёнак Андрэй Ягоравіч (1920 – 1982) —   беларускі пісьменнік, драматург. Нарадзіўся  ў в. Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. У 60-70 гады ХХ ст. неаднаразова наведваў Лунінеччыну (вёску Любань і наваколле) дзе старшынёй калгаса працаваў яго сябар Уладзімір Сцепчанка. У той час Андрэй Макаёнак працаваў над п’есай “Таблетку  пад язык”. У аснову камедыі былі пакладзены назіранні пісьменніка, вынесеныя ім з калгаса “Новае Палессе”, сядзіба якога размяшчалася ў вёсцы Любань. Уладзімір Сцепчанка стаў прататыпам галоўнага героя камедыі.

..

..


Макаловіч Іван Пятровіч (1940 – 2017) — беларускі журналіст, літаратар, гісторык. Нарадзіўся ў вёсцы Дубаўка Лунінецкага раёна. Пасля заканчэння школы з ліпеня 1959 года працаваў у мясцовым калгасе імя Фрунзэ. У розныя гады працаваў у газетах «Мінская праўда»,  «Звязда», «Звязда», «Народная воля». Старшыня Саюза журналістаў Беларусі ў 1986-1990 гг., сакратар Саюза журналістаў СССР у 1987-1990 гг., член праўлення Беларускага камітэта міру з 1987, намеснік старшыні таварыства «Беларусь — Польшча» з 1987, адзін з заснавальнікаў Грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра «Беларуская перспектыва» (1995-1999).

..

..


Нефідовіч Сцяпан Паўлавіч — пісьменнік, краязнаўца. Нарадзіўся 3 студзеня 1941 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Лахаўка Лунінецкага раёна.

На рахунку С.П.Нефідовіча – зборнікі паэзіі і прозы, выдадзенныя ў Лунінцы: “Дзень добры!” (1999), “Парушынкі ў воку” (2002; у сааўтарстве з Віктарам Філатавым), “Святло бяроз” (2004), “Сувой жыцця” (2005), “Спеў берасцянкі” (2007), “Махаю крыламі гадоў” (2010), “Іх яднала дружба” (2010), “Запознены салавей” (2011) і інш. Шмат часу С.П. Нефідовіч аддае збору матэрыялаў мясцовага палескага фальклору, гісторыі вёсак Лахва, Любань, Манасеева, Рэдзірава, Флярова і інш. Краязнаўца даследаваў некаторыя старонкі гісторыі і культурнай спадчыны Лунінеччыны, надрукаваў артыкулы: “Радзівілы ў Лахве”, “Салдатчына ў фальклоры нашага краю”, “Элементы гукапераймання ў фальклорны Лунінеччыны”, “Назвы зямлі Лунінецкай”, “Паданні Лунінецкага краю” і інш.

..


Нядзведскі Уладзіслаў Іосіфавіч (1929 — 1973) — беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 24 ліпеня 1929 года на Рахавіцкіх хутарах Лунінецкага павета (цяпер вёска Рахавічы Салігорскага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацькі загінулі ў 1943 г. У першыя пасляваенныя гады выхоўваўся ў Мікашэвіцкім дзіцячым доме, у 1948—1950 гг. працаваў там старшым піянерважатым. Аўтар шэрагу зборнікаў паэзіі аповесці «Хлопцы з другога корпуса» (1964), «Капронавыя галёшы» (гумарыстычныя апавяданні, 1964), «Начная пагоня» (апавяданні, гумарэскі, аповесць, 1966) і інш.

..

..


Онгейберг Дзмітрый (Аркадзін Вадзім)пісьменнік. Член Саюза рускамоўных пісьменнікаў Ізраіля і Міжнароднага Саюза пісьменнікаў. Нарадзіўся 18 снежня  1955 года ў вёсцы Дварэц Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Закончыў Лунінецкую сярэднюю школу №3, Берарускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у тэатральных студыях у Ленінградзе. Рэпатрыяваўся ў Ізраіль у 1990 годзе. Жыве ў горадзе Рышон ле-Цыёне. Аўтар кніг «Про себя и… вслух» (1995), «27 глав из жизни Матросика» (1999), «Открытый урок» (2003), «Москва бомжам не верит» (2007), зборніка вершаў «Пирога на песке» (2010), «Не очень драматические пьесы. Повести и рассказы» (2014).

..

..


Панасюк Іван Аляксеевіч — краязнаўца, аўтар шэрагу кніг і публікацый аб прыродзе і гісторыі роднага краю. Нарадзіўся 25 красавіка 1947 года на хутары Лыпкы вёскі Астрамечава Брэсцкага раёна. З 1965 года жыве на Лунінеччыне. Найбольш вядомыя выданні І.Панасюка: “Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі Лунінецкага раёна” (1999, 2000, 2001), “Велута” (2006),“Палессе маё Лунінецкае” (2007), “Остромечево и остромычивци” (2010),  “Інтэрнат ты наш, інтэрнатушка…”., «Навасёлкі лунінецкія» (2013), “Письма командиров” (2014).

..

..


Панасюк Ларыса Канстанцінаўна   (1945 — 2019) —  аўтар выданняў прыродаахоўнага напрамку, большасць якіх выйшла ў сааўтарстве  з І.А. Панасюком. Нарадзілася 21 мая  1945 года ў вёсцы Быцень Івацэвіцкага раёна. З 1970 года жыве на Лунінеччыне. Ветэран педагагічнай працы. Працавала настаўнікам біялогіі і выхавацелем у навучальных установах Лунінецкага раёна.

..

..


Панчанка Пімен Емельянавіч (23 жніўня 1917, горад Рэвель (цяперашні Талін, Эстонія) — 2 красавіка 1995, Мінск) — народны паэт Беларусі. Лепшыя зборнікі П. Панчанкі «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Пры святле маланак» (1966), «Крык сойкі» (1976) і іншыя ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры. Летам 1975 года, будучы праездам на кароткім адпачынку на Лунінеччыне, напісаў верш «Белае возера».

..

..


Пархута Яраслаў Сільвестравіч  (1930 – 1996) — беларускі пісьменнік-краязнаўца, журналіст. Нарадзіўся 8 сакавіка 1930г. у вёсцы Мілейкі Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Яраслаў Пархута пехатой абышоў усю Беларусь. Вынікам гэтых падарожжаў з’явілася кніга нарысаў “Зямля бацькоў нашых”, за якую ў 1992 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Кастуся Каліноўскага.  У выніку свайго першага захаду на Палессе творцам быў напісаны нарыс “Граніт Палесся”, прысвечаны Мікашэвічам і яго ваколіцам.  У аснову аповесці “Адзінец” пакладзена трагічная гісторыя жыхара вёскі Бастынь Лунінецкага раёна Івана Васільевіча Бушылы. Аповесць стракаціць такімі найменнямі, як Лунінец, Вялута, Замошша, Бастынь, Белае і Чорнае азёры, рэчка Цна, згадваюцца назовы балотаў, урочышчаў, лясных масіваў: Бор, Хралёва, Задне, Камлашня і інш.

..

..


Паўловіч Павел Александравіч (нар. у 1954 ? г.) – доктар філасофскіх навук. Нарадзіўся ў вёсцы Вічын Лунінецкага раёна, дзе скончыў пачатковую школу, затым у вёсцы Дварэц – сярэднюю. Працаваў настаўнікам у Ракітнянскай школе, пісаў вершы  ў лунінецкую раённую газету. Закончыў філасофскі факультэт Ленінградскага ўніверсітэта, працаваў дэканам гэтага унівэрсітэта.

..

..

..


Пінігін Віктар Андрэевіч — старшыня клуба «Літаратурная правінцыя» пры цэнтральнай раённай бібліятэцы. Нарадзіўся 28 лістапада 1955 года ў Лунінцы. З 2005 года піша вершы, друкуецца ў мясцовай прэсе і калектыўных зборніках. У 2018 годзе выйшаў аўтаскі зборнік «Павуцінкі ў верасе». Удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

..

..

..


Платановіч Пётр Цімафеевіч (архімандрыт Маркіян) (1776 – 1836) – праваслаўны царкоўны дзеяч, пісьменнік, выкладчык, лекар. Скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію. У 1827 – 1836 гг. – настаяцель Дзяцелавіцкага манастыра (цяпер Лунінецкі раён), дзе шырока разгарнулася яго дабрачынная дзейнасць. Падчас знаходжання ў Дзяцелавіцкім манастыры стварыў рукапісны зборнік паэзіі.


Прасмыцкі Мікалай Аляксандравіч – беларускі партыйны і гаспадарчы дзеяч. Самадзейны паэт, празаік. Нарадзіўся 15 верасня 1932 года ў вёсцы Буйнічы Магілёўскай вобласці. У 1980-я гады пэўны час працаваў першым сакратаром Лунінецкага райкама КПБ. Аўтар зборнікаў паэзіі і прозы «Солнце в колосьях», «Материнский родник», «Стояли насмерть», «После ада» і інш.

..

..

..


Пратасавіцкая Анастасія Ананьеўнааўтар вершаў і песень. Нарадзілася 9 ліпеня 1957 года ў вёсцы Вулька-Арая Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Зараз жыве ў вёсцы Вулька 1 Лунінецкага раёна. З 1991 па 2013 гг. працавала на заводзе “Палессеэлектрамаш”, спявала ў хоры завода. Першыя вершы і песні нарадзіліся менавіта ў гэты час. Была ўдзельніцай фальклорнага аб’яднаннія “Жывіца” пры Вулькаўскім-1 СДК. Зараз бярэ ўдзел ў пасяджэннях клуба “Муза” пры Лунінецкім ГДК і клубе “Літаратурная правінція” пры Лунінецкай цэнтральнай бібліятэцы. Друкуеца ў раённых газетах “Лунінецкія навіны”, “Информ-прогулка”, у рэспубліканскай газеце “Вместе”. Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі выдадзены тры яе паэтычных зборнікі.

..

..


Прорвіч Сафія (Сафія Фёдараўна Чысцякова, каля 1860 — 1937) — праваслаўная пісьменніца. У 1901 — 1915 гг. жыла ў Лунінцы. Муж пісьменніцы быў у Лунінцы настаўнікам-святаром і займаўся рэлігійна-асветніцкай дзейнасцю. Літаратурная спадчына С.Прорвіч доўга заставалася ў забыцці. Глыбока даследаваць яе жыццё і творчасць пачаў краязнаўца Васіль Туміловіч.

..

..

..


Равяка (або Рэвяка) Казімір Адамавіч (1937 – 2013) — савецкі і беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар. Антыкавед, даследаваў гісторыю Пунічных войнаў.  У 1962 – 1967 гг. працаваў школьным настаўнікам у вёсцы Сінкевічы Лунінецкага раёна. К. А. Равяка з’яўляўся адным з аўтараў беларускага падручніка для сярэдняй школы па гісторыі старажытнага свету, шэрагу вучэбных дапаможнікаў.

..

..

..


Ранькоўскі Гжэжаж (Grzegorz Rąkowski, 1954) — польскі біёлаг, падарожнік, краязнаўца, доктар, навуковы супрацоўнік Інстытута аховы навакольнага асяроддзя. Аўтар шматлікіх кніг на тэму падарожжаў, аўтар даведнікаў.  У  канцы мінулага стагоддзя на працягу дзясятка гадоў пісьменнік падарожнічаў па Палессі: Брэст — Пінск – Столін –Мазыр — Лунінец –Ляхавічы  — Бяроза. У выніку з’явілася кніга падарожжаў на 600 старонак “Загавор Палесся”, выдадзеная ў выдавецве Rewasz у 2001г.

..

..


Роўба Напалеон (1860-1929) — беларускі і польскі літаратар, журналіст. Нарадзіўся непедалёку ад Ашмян у невялікім мястэчку Дзевянішкес (на тэрыторыі сучаснай Літвы). У 1895 годзе апублікаваў у польскім часопісе «Wisła» этнаграфічнае апісанне «Lafa i jej mieszkańcy» (“Лахва і яе жыхары»).

..

..

..


Русецкая (Пільштынова) Саламея (1718 – пасля 1760) — асветніца, лекарка. Нарадзілася на Навагрудчыне  ў сям’і мешчаніна Яўхіма Русецкага. Шмат вандравала. Пабывала на Лунінеччыне. Другім мужам яе быў Юзэф Пільштын. Міхаіл Радзівіл, якому належылі вялікія ўладанні на Лунінеччыне, накіраваў Юзэфа на службу ў Лахву. Сюды з Масковіі прыехала і Саламея. Пасля сябе Русецкая пакінула цікавы ўзор эпісталярнай спадчыны – дзённік-кнігу “Авантуры майго жыцця.” У ім – успаміны і ўласныя разважанні наконт тагачасных падзей, цікавыя замалёўкі, партрэты людзей, якія  сустракаліся ў час яе вандровак па краінах Захаду і Усходу.

..

..


Сербаў Ісак Абрамавіч (25 мая 1871, в. Кульшычы, Прапойскі павет (зараз Слаўгарадскі раён) — 21 студзеня 1943, Тамбоў) — беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг. Правадзейны член Інстытута беларускай культуры (1922), кандыдат гістарычных навук (1934). У 2005 годзе з дапамогай ураджэнцаў Лунінеччыны была перавыдадзена яго кніга “Вічынскія паляне” аб адной з мясцовасцяў Лунінецкага краю. Упершыню гэтая кніга ўбачыла свет у 1928 годзе.

..

..

..


Серпужтоўскі Аляксандр Казіміравіч (21 чэрвеня 1864 – 5 сакавіка 1940) – беларускі этнограф, фалькларыст, мовазнаўца, літаратар. Аўтар 45 друкаваных навуковых прац, удзельнік 25 этнаграфічных, антрапалагічных, лінгвістычных экспедыцый. Падчас адной з экспедыцый у 1910 г. А. К. Сержпутоўскі наведаў вёску Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна. Тут вучоны зрабіў некалькі здымкаў: Пакроўскай царквы, гаспадарчых вясковых забудоваў, групавых выяваў жанчын і дзяцей у святочнай і паўсядзённай вопратцы, драўлянага крыжа пасярод вёскі. На Лунінеччыне ім таксама запісаны чатыры казкі.

..

..

..


Тавянска-Міхальска Марыя-Аліна (1929 — 2021) — польская пісьменніца. Нарадзілася ў 1929 годзе ў Лідзе. З 1933 па 1945 гады выхоўвалася ў Лунінцы. У 1945 годзе пакінула Лунінец, потым скончыла эканамічны факультэт Шчэцінскага  політэхнічнага універсітэта. Тут жа выкладала. Яе ўспаміны аб сям’і, якія захавалі старонкі гісторыі Лунінца, у розны час публікаваліся ў друкаваных выданнях Польшчы, ЗША, Беларусі. У 1995 г. Марыя Аліна Тавянска-Міхальска прыязджала ў Лунінец і сустракалася з аматарамі літаратуры.

..

..

..


Талстой Аляксей Мікалаевіч (29 снежня 1882 (10 студзеня 1883), Нікалаеўск, Самарская губерня — 23 лютага 1945 года, Масква) — рускі і савецкі пісьменнік і грамадскі дзеяч з роду Талстых. Аўтар сацыяльна-псіхалагічных, гістарычных і навукова-фантастычных раманаў, аповесцяў і апавяданняў, публіцыстычных твораў. Лаўрэат трох Сталінскіх прэмій першай ступені. У гады І Сусветнай вайны ў якасці ваеннага карэспандэнта бываў на Лунінеччыне.

..

..

..


Тацішчаў Васіль Мікітавіч (1686 — 1750) —вучоны, дыпламат, асветнік, падарожнік, дзяржаўны дзеяч XVIII ст., аўтар пяцітомнай «Истории Российской», першага рускага энцыклапедычнага слоўніка «Лексикон», паходзіць з роду беларускіх князёў Саламярэцкіх.  Пасля ранення ў бітве пад Палтавай В. Тацішчаву належыла ехаць у Пінск за навабранцамі. Шлях пралягаў праз Лунінец, дзе царскага пасланца сустрэлі слугі князя Друцкага-Любецкага і суправаджалі ў яго маёнтак Парахонск.

..

..

..


 Таўлай Валянцін Паўлавіч (26 студзеня (8 лютага) 1914, Баранавічы — 27 чэрвеня 1947, Мінск) — беларускі паэт, літаратуразнаўца, заходнебеларускі дзеяч. Раннія дзіцячыя гады Валянціна Таўлая прайшлі ў Лунінцы, куды яго бацькоў-чыгуначнікаў накіравалі на працу ў пачатку Першай сусветнай войны.Супрацоўнічаў з беларускім камуністычным рухам. Друкавацца пачаў ў 1928 г. у заходнебеларускай прэсе. Аўтар публіцыстычных нарысаў пра рэвалюцыйна-вызваленчую і антыфашысцкую барацьбу. Пісаў літаратурна-крытычныя творы (пра творчасць Я. Купалы, П. Пестрака, Я. Брыля). Пераклааў на беларускую мову асобныя творы А. Міцкевіча, І. Крылова і інш.

..

..

..


Туміловіч Васіль Мікалаевіч — краязнаўца, фалькларыст. Нарадзіўся 1 лістапада 1953 года ў вёсцы Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна. Актыўна выступае ў друку, удзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях розных рангаў, у тым ліку міжнародных. Да важнейшых набыткаў В.Туміловіча належаць працы, прысвечаныя пісьменніцы Соф’і Прорвіч, гісторыі населяеных пунктаў Лунінецкага і Камянецкага раёнаў. Займаецца зборам фальклору. Ім запісана каля 400 адзінак тэкстаў вуснай народнай творчасці.

..

..

..


Туркевіч Васіль Макаравіч (1931 – 2002) – педагог, краязнаўца. Нарадзіўся 1 жніўня 1934 г. у вёсцы Ракітна Лунінецкага павета Палескага ваяводства (цяпер Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці). Закончыўшы Пінскае педагагічнае вучылішча, вярнуўся ў родную вёску, працаваў настаўнікам пачатковых класаў Ракітнянскай сямігадовай школы (1957–1958).  З 1957 па 1997 гг.  працаваў у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Амаль  усё сваё жыццё прысвяціў выкладанню роднай мовы і літаратуры. Апублікаваў шэраг артыкулаў аб сваім педагагічным вопыце ў часопісах і «Настаўніцкай газеце». Асобнымі выданнямі выйшлі кнігі В. М. Туркевіча «Творчасці зярняты залатыя» (1988), «Урокі роднай мовы» (1992). Працу педагога спалучаў з актыўнай творчай дзейнасцю — публіцыстычнай, краязнаўчай, паэтычнай і інш.

..

..


Федзюковіч Мікалай Мікалаевіч (1943 – 1997) –  беларускі паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў вёсцы Гутава Драгічынскага раёна. У 1960 годзе працаваў фотакарэспандэнтам лунінецкай міжраённай газеты «Ленінскі шлях», у якой і з’явіліся яго першыя вершы. У рэспубліканскім друку выступаў з 1964 года. Друкаваўся ў калектыўных зборніках «Слава Арміі Савецкай», «Сэрцам загадана», «Песня любові», «Дзень паэзіі».

..

..

..


Філатаў (Карповіч) Віктар Пятровіч  (14. 01.1954—01.09.2014) – журналіст, літаратар. Нарадзіўся у г. Пінску, з 4-х гадовага ўзросту жыў і працаваў у Лунінцы. Стваральнік і шматгадовы кіраўнік творчага клуб ”Муза” пры Лунінецкім ГДК. Публікаваўся ў мясцовай і рэспубліканскай прэсе. Аўтар зборнікаў ”Страна чудес”(1996), “Тревога и надежда” (2000), “Парушынкі ў воку (са Сцяпанам Нефідовічам, 2002), “Права на пошук” (з Вадзімам Жылко, 2002), “Великое и смешное” (2005), “Чаша терпения” (2006), укладальнікам зборнікаў афарызмаў “Крупицы мудрости” (2004) і “Крупицы мудрости-2” (2005).

..

..


Фядосік Анатоль Сямёнавіч (07.02.1926 – 18.01.2005) – беларускі фалькларыст, заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1990), доктар філалагічных навук (1974), прафесар (1981). Нарадзіўся 7 лютага 1926 у вёсцы Кашэвічы Палескай вобласці, цяпер Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці. Займаўся педагагічнай працай, у т.л. быў дырэктарам сярэдняй школы ў вёсцы Сінкевічы Лунінецкага раёна (1949-55) і Мікашэвічах (1955-58). З 1961 працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Даследаваў фальклорныя сатырычныя жанры, сямейна-абрадавую паэзію, літаратурна-фалькорныя сувязі, народную творчасць перыяду Вялікай Айчыннай вайны, гісторыю фалькларыстыкі, узаемасувязі славянскага фальклору.

..

..


Фядосік Віктар Анатольевіч  — беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар. Нарадзіўся 9 лютага 1951 г. у в.Сінкевічы Лунінецкага (тады Ленінскага) раёна, у сям’і вядомага беларускага вучонага-фалькларыста А.С. Фядосіка. З 1959 г. жыве ў Мінску. З’яўляецца найбуйнешым у Беларусі спецыялістам па гісторыі антычнасці і сярэдніх стагоддзяў Заходняй Еўропы, узначальвае беларускую навуковую школу вывучэння антычнага хрысціянства, заснаваную акадэмікам М.Нікольскім. Аўтар больш за 300 навуковых і навукова-метадычных работ, 5 манаграфій, больш за 10 навукова-папулярных кніг, 20 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для вышэйшай і сярэдняй школы.

..

..


Харкевіч Уладзімір Васільевіч –  геолаг, паэт. Нарадзіўся  19 красавіка 1947 г. у вёсцы Сасноўка Лунінецкага раёна. Закончыў геалагічны факультэт Львоўскага універсітэта, кандыдат геолага-мінералагічных навук. Да пераезду на пастаянная месца жыхарства ў Львоў вёў даследаванні ў Жыткавіцка-Мікашэвіцкім рэгіёене. Паэзіяй захапляецца з дзяцінства, піша на беларускай, рускай, украінскай мовах. Аўтар зборнікаў вершаў «Кусочок души» (укр), «Радзімае», «З радзімай у сэрцы», «Радзіма любая мая», сааўтар зборнікаў вершаў выпускнікоў геалагічнага факультэту Львоўскага нацыянальнага універсітэту імя Івана Франка «…ветру и солнцу брат» (2009), «…сердцем не стареть» (2011).

..

..


Харламаў Анатоль Барысавіч (1931 – 2004) – партыйны дзеяч, журналіст, пісьменнік. Нарадзіўся ў 1934 годзе на Лоеўшчыне Гомельскй вобласці. Працаваў у раённых газетах Століна і Лунінца. У 1972 – 1992 гг. жыў і працаваў у Лунінцы, быў сакратаром Лунінецкага гаркама КПБ. Друкаваўся ў часопісах «Вожык», «Родная прырода», газеце “Зара над Бугам” і інш. Асобным выданнем выйшлі зборнікі гумарэсак «Па агрэхах» (Лунінец, 1991), «Смехам па агрэхах» (Брэст, 1993).

..

..


Хаўдзееў Аляксандр Пятровіч (1960 — 2021) — аўтар паэтычных твораў, педагог. Нарадзіўся 5 чэрвеня 1960 года ў г. п. Буда-Кашалёва на Гомельшчыне. З 1982 года працаваў настаўнікам у школах Лунінца і Лунінецкага раёна, выкладаў геаграфію і біялогію. У 2003 г. апублікаваны зборнік “Родныя сцежкі”. Пісаў на беларускай, рускай, ўкраінскай мовах. Быў адным з актыўных удзельнікаў клуба “Літаратурная правінцыя” пры Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы і творчага клуба «Муза» пры ГДК, часта публікаваўся ў мясцовай прэсе, удзельнічаў у шматлікіх сустрэчах з чытачамі.

..

..


Цітовіч Ігар Уладзіміравіч – гісторык, навуковец. Нарадзіўся 6 лістапада 1977 г. у Лунінцы. Вучыўся ў СШ №1, потым закончыў Брэсцкі дзяржаўны універсітэт (1999). З 1999 па 2000 гг. працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе № 4 г. Лунінца, сацыяльным педагогам Лунінецкага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У 2006 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю “Краязнаўчы рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.)”, шмат старонак якой прысвечана Лунінецкаму павету. Над дысертацыяй працаваў каля шасці гадоў і за гэты час свае  высновы ўвасобіў у 22 навуковых артыкулах і дакладах на канферэнцыях. З 2010 г. займае пасаду прарэктара па навукова-метадычнай працы Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.

..

..


Чапскі Мар’ян (1816 — 1875) –  даследчык, правазнаўца, пісьменнік, аўтар твораў “Гісторыя каня”, “Даследаванне пра пчалу”, нарадзіўся ў маёнтку Лахва Пінскага уезда (зараз Лунінецкі раён), удзельнічаў у паўстанні 1863 года. Усё жыццё цікавіўся развядзеннем коней. Яго трохтомнік “Усеагульная гісторыя каня” (Познань,1874)  лічыцца адной з лепшых прац у гіпалогіі.

..

..

..


Ядвігін Ш. (Антон Іванавіч Лявіцкі; 04.01.1869 – 24.02.1922), пісьменнік, грамадскі дзеяч. У кастрычніку – лістападзе 1920 г. прымаў непасрэдны ўдзел у барацьбе за набыццё Беларуссю сапраўднага суверэнітэту (у гэты час Лунінец быў адной з баз “Народнай добраахвотнай арміі” С. Н. Булак-Балаховіча). Змагаўся ў складзе ўзброеных сіл “Зялёны дуб”. Гэта зблізіла пісьменніка з генералам С. Н. Булак-Булаховічам. Разам з яго штабам Ядвігін Ш. нейкі час знаходзіўся ў Лунінцы.

..

..


Якавец Настасся Іванаўна (3.02. 1949 — 8.04.2019, в. Лобча Лунінецкага р-на)  – аўтар жартоўных казак, баек, вершаў на «лабэцкай» мове, захавальніца старажытных абрадаў. Н.Якавец — шматкадовы мастацкі кіраўнік народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Лабчанка”,  Лаўрэат шматлікіх фестываляў і конкурсаў, у тым ліку міжнародных, удзельніца фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Двойчы ўдастоена звання “Чалавек года” ў сферы культуры раёна.

..

..

..

Яраховіч Марыя Аляксандраўнажурналіст, аўтар вершаў і мастацкіх замалёвак. Нарадзілася 21чэрвеня 1970г. на лясным хутары каля вёскі Вулька 2. Першая публікацыя  ўбачыла свет у 1989 г. у газеце “Лунінецкія навіны”.  З той пары яе вершы пастаянна друкуюцца на старонках газеты, а з 2013 г. М. Яраховіч працуе карэспандэнтам “Лунінецкіх навін” і таксама апрацоўвае паэтычныя радкі іншых аўтараў для газеты.