А   Б   В   Г   Д   Е   Ж   З   І   К   Л   М  Н   О   П   Р   С   Т   У   Ф   Х   Ц   Ч   Ш   Э   Ю   Я

Абрэмбскі Юзаф (1905—1967) – польскі этнолаг і сацыёлаг, вучань Браніслава Маліноўскага. У 1934—1937 гг. праводзіў этнасацыялагічныя палявыя даследаванні на Палессі, у тым ліку на Лунінеччыне, вынікам якіх стала падрыхтоўка і публікацыя некалькіх грунтоўных навуковых прац. У працах Юзафа Абрэмскага ўпамінаецца каля 10 вёсачак і мястэчак Лунінеччыны.

 

 


Аляшкевіч Вольга Віктараўна (1977 — 2005) — аўтар вершаў.  Нарадзілася 2 красавіка 1977 года ў горадзе Еўпаторыя Крымскай вобласці. Калі дзяўчынцы споўнілася восем месяцаў сям'я пераехала ў Лунінец. У 1999 годзе пачала пісаць вершы. Вольга пакутавала цяжкім захворваннем, пайшла з жыцця ва ўзросце 28 гадоў.

У Лунінцы памяці Вольгі Аляшкевіч штогод праходзіць конкурс аўтараў вершаў краязнаўчай тэматыкі.

 

 


Анцукевіч Мікалай Пятровіч (4(17).02.1892, Ельск Мазарскага павета – 21.12.1971, Вільнюс) – педагог, гісторык, лінгвіст, перакладчык. Сваёй самаадданай працай пакінуў дабратворны след у Лунінцы, дзе ў 1926 годзе зрабіў пераклад “Слова пра паход Ігараў” на сучасную рускую мову. У 1920-1927гг. працаваў настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў Лунінецкай прыватнай рускай гімназіі, дзе карыстаўся аўтарытэтам. Лунінец стаў для Мікалая Анцукевіча не толькі месцам працы. У 1922 годзе ён ажаніўся з дачкой дыякана мясцовай Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы, настаўніцай рускай мовы і літаратуры Вольгай Васільеўнай Казюліч. У Лунінцы нарадзіліся двое іх сыноў.

 

 


Арабейка Іван Сяргеевіч беларускі паэт. Нарадзіўся 26 сакавіка 1942 года ў вёсцы Хмелева Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям'і. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1979). Дэбютаваў вершам у 1963 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Услед за сонцам» (1972), «Асенні ранак» (1978), «Сказаць хачу» (2012). Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі. Узнагароджаны літаратурнай преміяй імя Уладзіміра Калесніка (2012). Узнагароду атрымаў у г. Лунінцы падчас літаратурнага свята “Лунінская восень”. 

 

 


Арэшка Міхаіл Сцяпанавіч — аўтар вершаў і празаічных твораў. Нарадзіўся 8 верасня 1959 года ў вёсцы Язвінкі Лунінецкага раёна.. Нататкі, вершы, рэцэнзіі на кнігі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў друкаваліся ў газетах «Лунінецкія навіны», «Чырвоная змена», «Заря», «Во славу Родины», «Ваеннай газеце», часопісе «Бярозка». З 1981 па 1999 гг. узначальваў літаратурнае аб'яднанне пры раеннай газеце «Ленінскі шлях», (потым «Лунінецкія навіны»).  Зараз супрацоўнічае з газетай «Информ-прогулка» (Лунінец).

 

 


Бадак Алесь


Балахонаў Сяргей


Бандарэнка Ганна Пятроўна —  аўтар вершаў, песень, газетных і часопісных артыкулаў, мастацкіх замалёвак. Нарадзілася 10 чэрвеня 1947 года ў Паўночным Казахстане, дзе і пачала сваю літаратурную дзейнасць. У 2001 годзе пераехала на радзіму мужа, у Беларусь, г. Лунінец. Друкуецца ў мясцовай і рэспубліканскай прэсе. Асобнымі выданнямі вышлі: кніга "Маёй душы мелодыя", прысвечаная музыканту А. Гурбановічу;  зборнік дзіцячых вершаў "Василисе аб Василисе"; зборнік "Кладовая любви". З’яўляецца кіраўніком літаратурна-музычнага клуба "Свеча" і Народнага паэтычнага клуба "Муза" пры ГДК г.Лунінца.

 


Башлакоў Міхась


Бензярук Анатоль


Бензярук Расціслаў


Блок Аляксандр Аляксандравіч  (1880 — 1921) — рускі паэт, пісьменнік, публіцыст, драматург, перакладчык, літаратурны крытык. Класік рускай літаратуры XX стагоддзя. У 1916 – 1917 гг.  жыў і працаваў на Палессі. У гэтыя гады неаднаразова бываў у Лунінцы і на станцыі Лоўча. На Лунінеччыне шырока ўшанаваецца памяць выдатнага рускага паэта. Ёсць мемарыяльныя дошкі на станцыйным будынку ў Лоўчы і на будынку музея ў Лунінцы, традыцыйнымі сталі літаратурныя дні, прысвечаныя паэту.

 

 


Брыль Янка


Бутэвіч Анатоль


Вайндрах Георгій


Верцель Леанід


Віктарава Лілія Андрэеўна — аўтар паэтычных зборнікаў, выдадзеных лунінецкімі энтузіястамі, "Голос сердца", "Отблески заката", "Искорка надежды", "Небесной синевы волшебная вуаль". Нарадзілася 31 кастрычніка 1962 года ў вёсцы Перунова Лунінецкага раёна. Зараз жыве ў Лунінцы.

 

 

 


Гарадзецкі Шыман (1920 — 2001) —   паэт, празаік. Нарадзіўся ў Мікашэвічах у вялікай габрэйскай сям’і. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны сям’і Гарадзецкіх удалося эвакуявацца ў глыбокі тыл. Там яны з братам запісаліся ў армію Андэрса. З 1942 г. жыў ў Хайфе (Ізраіль). Шыман Гарадзецкі — аўтар шматлікіх вершаў, аповесці “Эхіэль-герой” (1996), прысвечанай нашаму земляку з Пінска Ехіэлю Хагібору. У 1999 г. Шымон Гарадзецкі наведаў сваю радзіму, аддаў належнае памяці землякоў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. 


Гаргун Галіна Аляксандраўна  — аўтар паэтычных твораў. Нарадзілася ў горадзе Цімашэўске Краснадарскага краю Расіі 12 мая1965 года. У 1987 годзе пераехала на радзіму мужа,  у горад Лунінец. Пачала друкавацца ў газеце «Лунінецкія навіны», з якой супрацоўнічае да сённяшніх дзён. Г.А. Гаргун мае каля сарака дыпломаў і грамат за ўдзел ў мясцовых, абласных, республіканскіх, міжнародных фестывалях. У 1997 годзе выйшаў у свет міні-зборнік вершаў "Жизненная позиция". У 2007 годзе ў Мінску невялікім тыражом была выдадзена кніга вершаў “Давайте будем жить с любовью”. Вершы Галіны Горгун былі ўключаны ў часопісы і паэтычныя зборнікі ў  Мінску, Хабараўску, Пензе. На дадзены час Галіна Гаргун з'яўляецца пазаштатным карэспандэнтам газеты "Вместе". 

 

 


Гардзіцкі Аляксей Кузьміч (1934 – 1999) — беларускі літаратуразнаўца і літаратурны крытык. У 1956 г. быў накіраваны на працу ў тагачасны Ленінскі (сёння Лунінецкі) раён. Завуч Мікашэвіцкага дзіцячага дома (адначасова выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школе рабочай моладзі), другі сакратар Ленінскага райкама камсамола, супрацоўнік раённай газеты — месцы працы А.Гардзіцкага на Лунінеччыне на працягу трох гадоў.

 

 


Грамыка Ларыса Дзяменцьеўна — педагог, журналіст, пісьменнік. Нарадзілася 22 лістапада 1946 года ў Лунінцы, дзе пражыла большую частку свайго жыцця. Зараз жыве ў горадзе Пенза (Расія). Член Саюза журналістаў РФ. Аўтар шэрагу артыкулаў аб лёсах землякоў, аб людзях, што ў розныя гады ішлі з ёй побач па жыцці. Лепшыя нарысы ўвайші ў аўтарскія зборнікі, выдаденыя ў Лунінцы і Пензе.

 

 

 


Грыдзюшка Вольга Сцяпанаўна — аўтар паэтычных твораў. Нарадзілася ў 1954 годзе ў вёсцы Багданаўка Лунінецкага раёна. Выкдадала рускую мову і літаратуру ў Лунінцы і вёсках Баравікі і Багданаўка Лунінецкага раёна. Друкуецца ў мясцовай прэсе, альманаху "Лунінецкая муза", калектыўных зборніках. Член клуба "Літаратурная правінцыя" пры цэнтральнай бібліятэцы і клуба "Муза" пры ГДК.

 

 


Гурбановіч Андрэй Данілавіч – аўтар песень (музыкі і вершаў). Нарадзіўся 1 мая 1945 годзе ў вёсцы Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна. У 1974 годзе стварыў калектыў мастацкай самадзейнасці Лунінецкай раённай арганізацыі БелТІЗ, які паспяхова паспяхова выступае па сёняшні дзень. Аўтарскія песні А.Д. Гурбановіча выконваюцца як народнымі калектывамі Лунінеччыны,  так і іншымі выканаўцамі па ўсёй Беларусі. За гады творчай дзейнасці выйшлі ў свет два зборнікі аўтарскай песні "Палескі край" і "Спявай-ма разам". Выбраныя вершы ўвайшлі ў зборнікі літаратурнага аб'яднання "Выток" і рэспубліканскую кнігу "За ўсё табе дзякую".

 

І


Гусціновіч Васіль


Дзедзіна Надзея Паўлаўна — аўтар вершаў, настаўнік-філолаг. Нарадзілася 15 чэрвеня 1979 года  ў вёсцы Дзятлавічы Лунінецкага раена. Зараз працуе ў гімназіі імя У.Нядзведскага. Жыве ў Мікашэвічах. Надзея Паўлаўна з’яўляецца актыўным і найбольш вядомым у горадзе Мікашэвічы аўтарам і ўдзельнікам клуба “Паэтычная глыбінка”. У 2017 годзе  стала  ўдзельніцай  клуба “Литературная провинция” пры Лунінецкай цэнтральнай бібліятэкай. У зборніку “Полет вдохновения”,  які выдадзены ў 2017г.,  прадстаўлены творы ўсіх членаў клуба, у тым ліку і вершы  Н. Дзедзінай. У сваіх вершах Надзея Паўлаўна разважае на тэмы  чалавечых каштоўнасцей, а таксама кахання, як самага выдатнага і ўзнеслага пачуцця…

 

 


Елянеўскі Мікалай Васільевіч (1948 — 2013) — пісьменнік, журналіст. Нарадзіўся 5 красавіка 1948 года ў вёсцы Лунін Лунінецкага раёна. Каля 25 гадоў працаваў у армейкіх газетах Расіі, Германіі, Узбекістану. У 1999 годзе пераехаў у Пінск і ўзначаліў раённую разету "Полесская правда". Часта бываў на радзіме. Менавіта па яго ініцыятыве пачалі ладзіць свята "Лунінская восень", а яго раман "Время пастыря" апавядае пра мовазнаўцу-самародка, святара Барысаглебскага храма вёскі Лунін Платона Ціхановіча. М. Елянеўскі — лаўрэат шэрагу прэмій Беларускага Саюза журналістаў, Міністэрства інфармацыі РБ, Брэсцкага аблвыканкама.

 

 


Жук Рыгор Андрэевіч — аўтар паэтычных твораў. Нарадзіўся ў 1944 годзе ў Лунінцы. Друкуецца ў мясцовай прэсе, альманаху "Лунінецкая муза", калектыўных зборніках. Аддзелам бібліятэчнага маркетынку Лунінецкай  цэнтральнай раённай бібліятэкі асобнай брашурай выдадзены зборнік вершаў "Пошук чароўнасці". Член клуба "Літаратурная правінцыя" пры цэнтральнай бібліятэцы і клуба "Муза" пры ГДК.

 

 


Жылко Вадім Вітальевіч — журналіст, пісьменнік, гісторык, краязнаўца. Нарадзіўся 31 кастрычніка 1967 года ў Лунінцы. В.Жылко з’яўляецца аўтарам каля 7500 публікацый, найбольш журналісцкіх, у перыядычным друку. Асобнымі кнігамі і брашурамі выдадзены: «Ассорти. Стихи и пародии» (1995), «Две музы. Шахматные задачи и стихи» (1996), «Размова з прысутнымі. Уладзіслаў Нядзведскі: старонкі жыцця і творчасці» (2001), «Оборванная нить. Стихи и рассказы» (2006). Публікаваўся ў шэрагу калектыўных зборнікаў і альманахаў. Разам з калегамі-аднадумцам выдаў 9 альманахаў з творамі лунінецкіх аўтараў у серыі «Галасы Лунінеччыны», 34 альманаха ў серыі «Лунінецкая муза» і значную колькасць дадаткаў да іх, 14 нумароў краязнаўчага альманаха «Лунінецкі сшытак» і 6 спецвыпускаў яго. Вадзім Жылко – сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў з 1998 года, Саюза беларускіх пісьменнікаў –  з 2007 года.

 


Зіміч Пётр


Ільючык Мікалай Антонавіч — пісьменнік, журналіст, нарадзіўся 10 красавіка 1966 г. ў вёсцы Багданаўка Лунінецкага раёна. Аўтар зборнікаў вершаў “Дзе жыве душа” (2004)”, "Шматкроп’е кропель” (2006), зборніка прозы “Роспач і надзея” (2007), кнігі для дзяцей ”Цуд на каляды” (2003), На рахунку М. Ільючыка  дакументальная аповесць, выдадзеная асобнай кнігай “У памяти в долгу” (2010), — пра гісторыю аднаго помніка. Кніга напісанана на падставе рэальных фактаў. Мікола Ільючык адзін з нямногіх жыхароў нашай рэспублікі, які па ўласнай ініцыятыве і практычна за свае грошы ўзвёў помнік на месцы гібелі ад рук нацыстаў габрэяў — жыхароў вёскі Багданаўка.

 

 


Казун Максім Міхайлавіч (1952 — 2018) — аўтар вершаў, апавяданняў, гумарэсак, дакументальных нарысаў. Нарадзіўся 5 мая 1952 г. у вёсцы Вічын Лунінецкага раёна. Друкаваўся ў мясцовай прэсе. Творы М. Казуна таксама былі былі надрукаваны ў часопісах “Работніца і сялянка”, “Вожык”, “Першацвет”, “Советский воин”, “Крыніца”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, “Сельская газета”, “Во славу Родины”, “Железнодорожник Белоруссии”, “Заря”, “Народная трыбуна” і іншых.

 

 


Казун Фёдар


Калінковіч Мікалай Мікалаевіч (1950 — 1990) — пісьменнік, краязнаўца, нарадзіўся 18 снежня 1950г. у вёсцы Цна Лунінецкага раёна. Аўтар кніг “Лунінец”(1981, 1990), “Палескіе дні Аляксандра Блока”, “Якуб Колас у Лунінцы.  “Імя мае – Свабода”, “Не парываецца зямная сувязь” і інш.

У 2001 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Мікалаю Калінковічу, узведенага выключна на дабрачынныя сродкі, каля будынка цэнтральнай раённай бібліятэкі.

 Удзячныя землякі назвалі імем Міколая Калінковіча адну з вуліц города і вуліцу ў вёсцы Цна.

 


Канапацкая Таццяна Васільеўна — прафесійны журналіст, аўтар-укладальнік шэрагу краязнаўчых выданняў, арганізатар літаратурна-краязнаўчых святаў, фестываляў, праграм. Нарадзілася 10 чэрвеня 1958 года ў Лунінцы.

Аўтар кніг: “Лунінецкая памяць. Дадатак 1” (2006),  “Лунінецкая памяць. Дадатак 2” (2007), “Лунінецкая памяць. Дадатак 3. Бастынь” (2008),“Лунінецкая памяць. Дадатак 4. Духоўнасць” (2010), “Лунінецкая памяць. Дадатак 5. Кнігі і лёсы” (2013), “Лунінецкая памяць. Дадатак 6. Мелясніца. Погляд з Грані” (2017), укладальнік і аўтар шэрагу артыкулаў гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць: Лунінецкі раён”  (Мінск: Беларусь, 1995).

 


Кантрым Казімір (1762 – 1836) — публіцыст, рэдактар, бібліятэкар. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, у маладосці служыў на ваеннай службе. Удзельнік паўстання 1794 года. Працаваў у розных установах Вільні. У 1825 годзе выйшаў у адстаўку, перасяліўся ў Варшаву, дзе па даручэнні міністра фінансаў займаўся даследаваннем стану прамысловасці і гандлю на Палессі.  Вынікам яго  даследавання  з’явілася кніга “Падарожжа Кантрыма”, якая выдадзена у Познані ў  1839 годзе.  Аўтар апісаў архітэктурныя каштоўнасці Лунінеччыны і найбольш распаўсюджаныя тут рамёствы: у Лунінцы рабілі выдатныя боты, якімі  гандлявалі не толькі на месцы, але і вывозілі іх на продаж, у прыватнасці, у Вільню. 


Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (1930 — 1984) – беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Адна з найбольш яскравых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX ст. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Уладзімір Караткевіч да апошніх дзён свайго жыцця наталяў прагу пазнання Беларусі. Няма такога ў яе куточка, дзе б ён не пабываў. Асабліва любіў Палессе. Быў тут не аднойчы. І для апошняй сваёй вандроўкі ў каторы раз выбраў гэты край. На Лунінеччыне Уладзімір Караткевіч быў у 1969 г., калі здзяйсняў падарожжа па Прыпяці па заданні часопіса “Маладосць”. У гэты час пісьменнік працаваў над кнігай “Зямля пад белымі крыламі” для ўкраінскага чытача. У 1971 г. кніга была закончана. У ёй ёсць захапляльныя радкі, прысвечаныя вёсцы Лахва і рэчцы Смердзь.

 


Каратышэўская-Лабачэўская Аляксандра Іванаўна (1910 — 2002) — пісьменнік, журналіст. Нарадзілася 19 студзеня 1910 г. у Лунінцы. Вучылася ў Вільні. Да 1939 года жыла ў Варшаве, Лунінцы, Пінску. Як член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі некалькі разоў арыштоўвалася польскімі ўладамі.  Пасля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад БССР працавала ў газеце "Полесская правда" (г. Пінск), супрацоўнічала з газетай на польскай мове "Штандар вольнасці"  (г.Мінск). Пісала вершы. Аўтар аповесці "Опаленные крылья".

 

 


Карлюкевіч Алесь Мікалаевіч – журналіст, краязнаўца, літаратуразнаўца. З верасня 2017 г. – Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся 6 студзеня 1964 года ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна. У 1985-1987гг. некалькі разоў сустракаўся ў Ашхабадзе і інтэсіўна ліставаўся з нашым земляком пісьменнікам Мікалаем Калінковічам, а таксама пісаў аб ім у туркменскім і беларускім друку.

 

 


Карпенка Міхаіл


Карскі Яўхім Фёдаравіч (20.12.1860 (01.01.1861), в.Лаша Гродзенскага р-на, 29.04.1931 гг.) – філолаг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф. У 1903г. прафесар Варшаўскага універсітэта Я.Ф. Карскі атрымаў грошы на правядзенне экспедыцыі па вывучэнні беларускай мовы. Маршрут ахопліваў у тым ліку і Лунінецкі раён — Лахву, Лунін, Лунінец, Дзятлавічы.

 


 

Каўко Аляксей


Качаноўская (Чумак) Таццяна


Колас Якуб, Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч (1882 – 1956) — беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Янкам Купалам) сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. З лістапада 1911 па люты 1912 г. жыў і працаваў у Лунінцы. Тут была пачата праца над паэмай “Сымон-музыка”, напісана некалькі вершаў, апавяданні “Нёманаў дар”, “Трывога” і “Недаступны”. У 1947 годзе Якуб Колас зноў наведаў Лунінеччыну. Як кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР ён сустракаўся са сваімі выбаршчыкамі ў Мікашэвічах, Сінкевічах, Сцяблевічах. Свае ўражанні ад паездкі занатаваў у дзённіку “На схіле дзён” .

 

 


Коласаў Леў Леанідавіч — краязнаўца, філатэліст, гісторык пошты. Нарадзіўся 20 чэрвеня 1932 года ў Лунінцы.  Узнагароджаны больш за 100 медаллямі за калекцыі на філатэлістычных выставах.Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца яго выставачныя калекцыі «Старыя пісьмы Беларусі», «Старонкі гісторыі Беларусі», «Палявая пошта 1941-1945 гг».Сотні публікацый Л.Коласава прысвечаны краязнаўству, рэгіянальнай гісторыі Беларусі, перш за ўсё роднай Лунінеччыне. Аўтар кніг «Паштовыя дарогі Беларусі» (1982), «Філатэлія аб Беларусі» (1984), «Вымерлыя і паміраючыя прафесіі (2003) аб даваеннай гісторыі Лунінца. У складзе раённай камісіі ствараў гісторыка- дакументальную хроніку «Памяць. Лунінецкі раен (1995), аўтар мноства артыкулаў у гэтай кнізе.

 

 


Комар Сяргей


Крэйдзіч Анатоль Мікалаевіч беларускі пісьменнік, журналіст. Нарадзіўся 27 чэрвеня 1965 года ў вёсцы Заверша Драгічынскага раёна. У розныя гады працаваў, у тым ліку на кіруючых пасадах, у газетах “Чырвоная звязда” (г. Іванава), “Заря над Бугам”, “Заря”, “Народная трыбуна”, “Народная воля”, “Чырвоная змена”, літаратурных часопісах “Маладосць”, “Першацвет”. У 2006 годзе абраны старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, а ў 2016 прызначаны намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Удастоены Падзякі Прэзідэнта РБ за плённую творчую дзейнасць і значны ўкалад у развіццё беласрускай літаратуры. З’яўляецца адным з заснавальнікаў паэтычнага свята “Лунінская восень”, ініцыятаам заснавання літаратурнай прэміі імя Ул. Калесніка і літаратурнага конкурсу сярод дзяцей і юнацтва “Адкрыццё". Аўтар кніг “Право на улыбку”, “Полесский Наполеон”, “Раненые мечты”, “Сага о настоящем человеке”, “Старший брат”. 

 


Купрэеў Мікола


Лапатнік Фёдар


Лаўшук Ссяпан


Леанавец Аляксандр


Літвінчук Васіль Андрыянавіч (нар. 1 ліпеня 1930 г.) — партыйны і грамадскі дзеяч, удзельнік партызанскага руху, аўтар дакументальна-мастацкай кнігі  “Там, за Днепра-Бугам”, шэраг глаў якой прысвечаны партызанскаму руху на Лунінеччыне. З 1962 па 1970 гг. узначальваў лунінецкую раённую газету "Ленінскі шлях". З 1970  г. – другі сакратар Лунінецкага РК КПБ, з 1974-га – старшыня Лунінецкага райвыканкама. З 1983 па 1991 – начальнік упраўлення Брэсцкага аблвыканкама па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю. З гэтай пасады выйшаў на пенсію. Узнагароджаны многімі ордэнамі і медалямі СССР.

 


Луд Павел


Мадэй Багдан польскі празаік. Нарадзіўся ў 1934 г. у Мікашэвічах у сям’і бухгалтара і настаўніцы. Тут прайшлі першыя два гады жыцця пісьменніка. Затым сям’я Мадэяў пераехала ў Гародню, а з пачаткам Другой сусветнай вайны — у Польшчу. Пяру Багдана Мадэя належыць некалькі зборнікаў апавяданняў, аповесці: “Маладыя дарослыя людзі”, “Баль”, “Сузор’е” і інш. Багдан Мадэй выступае таксама як перакладчык з англійскай мовы.


Мазько Андрэй Іванавіч — паэт. Нарадзіўся 20 сакавіка 1955 у вёсцы Упірава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 2004–2012 гадах працаваў намеснікам старшыні Лунінецкага райвыканкама, у 2012–2014 гадах – намеснікам дырэктара ОАО “Палессеэлектрамаш”. Выдаў зборнікі паэзіі "Жывы калодзеж", (1999), "Дні і ночы мае" (2003). У 2001 годзе быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Рэкамендацыі яму напісалі вядомыя творцы: Ніл Гілевіч, Ніна Мацяш, Уладзімір Гніламёдаў, Алесь Каско.

 

 


Макаёнак Андрэй Ягоравіч (1920 – 1982) —   беларускі пісьменнік, драматург. Нарадзіўся  ў в. Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. У 60-70 гады ХХ ст. неаднаразова наведваў Лунінеччыну (вёску Любань і наваколле) дзе працаваў яго сябар Уладзімір Сцепчанка. У той час Андрэй Макаёнак працаваў над п’есай “Таблетку  пад язык”. У аснову камедыі былі пакладзены назіранні пісьменніка, вынесеныя ім з калгаса “Новае Палессе”, сядзіба якога размяшчалася ў вёсцы Любань, і якім кіраваў яго сябар. Уладзімір Сцепчанка стаў прататыпам галоўнага героя камедыі.

 

 


Макаловіч Іван


Мірчук Алена


Нефідовіч Сцяпан Паўлавіч — пісьменнік, краязнаўца. Нарадзіўся 3 студзеня 1941 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Лахаўка Лунінецкага раёна.

На рахунку С.П.Нефідовіча – зборнікі паэзіі і прозы, выдадзенныя ў Лунінцы: “Дзень добры!” (1999),“Парушынкі ў воку” (2002; у сааўтарстве з Віктарам Філатавым),“Святло бяроз” (2004), “Сувой жыцця” (2005), “Спеў берасцянкі” (2007),“Махаю крыламі гадоў” (2010), “Іх яднала дружба” (2010), “Запознены салавей” (2011) і інш. Шмат часу С. П. Нефідовіч аддае збору матэрыялаў мясцовага палескага фальклору, гісторыі вёсак Лахва, Любань, Манасеева, Рэдзірава, Флярова і інш. Краязнаўца даследаваў некаторыя старонкі гісторыі і культурнай спадчыны Лунінеччыны, надрукаваў артыкулы: “Радзівілы ў Лахве”, “Салдатчына ў фальклоры нашага краю”, “Элементы гукапераймання ў фальклорны Лунінеччыны”, “Назвы зямлі Лунінецкай”, “Паданні Лунінецкага краю” і інш.

 


Нядзведскі Уладзіслаў Іосіфавіч (1929 — 1973) — беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 24 ліпеня 1929 года на Рахавіцкіх хутарах Лунінецкага павета (цяпер вёска Рахавічы Салігорскага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацькі загінулі ў 1943 г. У першыя пасляваенныя гады выхоўваўся ў Мікашэвіцкім дзіцячым доме, у 1948—1950 гг. працаваў там старшым піянерважатым. Аўтар шэрагу зборнікаў паэзіі аповесці «Хлопцы з другога корпуса» (1964), «Капронавыя галёшы» (гумарыстычныя апавяданні, 1964), «Начная пагоня» (апавяданні, гумарэскі, аповесць, 1966) і інш.

 

 


Онгейберг Дзмітрый (Аркадзін Вадзім)пісьменнік. Член Саюза рускамоўных пісьменнікаў Ізраіля і Міжнароднага Саюза пісьменнікаў. Нарадзіўся 18 снежня  1955 года ў вёсцы Дварэц Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Закончыў Лунінецкую сярэднюю школу №3, Берарускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у тэатральных студыях у Ленінградзе. Рэпатрыяваўся ў Ізраіль у 1990 годзе. Жыве ў горадзе Рышон ле-Цыёне. Аўтар кніг «Про себя и… вслух» (1995), «27 глав из жизни Матросика» (1999), «Открытый урок» (2003), «Москва бомжам не верит» (2007), зборніка вершаў «Пирога на песке» (2010), «Не очень драматические пьесы. Повести и рассказы» (2014).

 

 


Панасюк Іван Аляксеевіч — краязнаўца, аўтар шэрагу кніг і публікацый аб прыродзе і гісторыі роднага краю. Нарадзіўся 25 красавіка 1947 года на хутары Лыпкы вёскі Астрамечава Брэсцкага раёна. З 1965 года жыве на Лунінеччыне. Найбольш вядомыя выданні І.Панасюка: “Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі Лунінецкага раёна” (1999, 2000, 2001), “Велута” (2006),“Палессе маё Лунінецкае” (2007), “Остромечево и остромычивци” (2010),  “Інтэрнат ты наш, інтэрнатушка…”., "Навасёлкі лунінецкія" (2013), “Письма командиров” (2014).

 

 


Пархута Яраслаў Сільвестравіч  (1930 – 1996) — беларускі пісьменнік-краязнаўца, журналіст. Нарадзіўся 8 сакавіка 1930г. у вёсцы Мілейкі Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Яраслаў Пархута пехатой абышоў усю Беларусь. Вынікам гэтых падарожжаў з’явілася кніга нарысаў “Зямля бацькоў нашых”, за якую ў 1992 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Кастуся Каліноўскага.  У выніку свайго першага захаду на Палессе творцам быў напісаны нарыс “Граніт Палесся”, прысвечаны Мікашэвічам і яго ваколіцам.  У аснову аповесці “Адзінец” пакладзена трагічная гісторыя жыхара вёскі Бастынь Лунінецкага раёна Івана Васільевіча Бушылы. Аповесць стракаціць такімі найменнямі, як Лунінец, Вялута, Замошша, Бастынь, Белае і Чорнае азёры, рэчка Цна, згадваюцца назовы балотаў, урочышчаў, лясных масіваў: Бор, Хралёва, Задне, Камлашня і інш.

 


Паўловіч Павел


Пінігін Віктар Андрэевіч — старшыня клуба "Літаратурная правінцыя" пры цэнтральнай раённай бібліятэцы. Нарадзіўся 28 лістапада 1955 года ў Лунінцы. З 2005 года піша вершы, друкуецца ў мясцовай прэсе і калектыўных зборніках. Удзельнік ліквідацыі авары на Чарнобыльскай АЭС.

 

 

 


Плавінскі Уладзімір


Прасмыцкі Мікалай


Пратасавіцкая Анастасія Ананьеўнааўтар вершаў і песень. Нарадзілася 9 ліпеня 1957 года ў вёсцы Вулька-Арая Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Зараз жыве ў вёсцы Вулька 1 Лунінецкага раёна. З 1991 па 2013 гг. працавала на заводзе “Палессеэлектрамаш”, спявала ў хоры завода. Першыя вершы і песні нарадзіліся менавіта ў гэты час. Была ўдзельніцай фальклорнага аб’яднаннія “Жывіца” пры Вулькаўскім-1 СДК. Зараз бярэ ўдзел ў пасяджэннях клуба “Муза” пры Лунінецкім ГДК і клубе “Літаратурная правінція” пры Лунінецкай цэнтральнай бібліятэцы. Друкуеца ў раённых газетах “Лунінецкія навіны”, “Информ-прогулка”, у рэспубліканскай газеце “Вместе”. Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі выдадзены тры яе паэтычных зборнікі.

 

 


Прорвіч Сафія (Сафія Фёдараўна Чысцякова, каля 1860 — 1937) — праваслаўная пісьменніца. У 1901 — 1915 гг. жыла ў Лунінцы. Муж пісьменніцы быў у Лунінцы настаўнікам-святаром і займаўся рэлігійна-асветніцкай дзейнасцю. Літаратурная спадчына С.Прорвіч доўга заставалася ў забыцці. Глыбока даследаваць яе жыццё і творчасць пачаў краязнаўца Васіль Туміловіч.

 


Ранькоўскі Гжэгаш


Роўба Напалеон (1860-1929) — беларуска-польскі літаратар, журналіст. Нарадзіўся непедалёку ад Ашмян у невялікім мястэчку Дзевянішкес (на тэрыторыі сучаснай Літвы). У 1895 годзе апублікаваў у польскім часопісе "Wisła" этнаграфічнае апісанне "Lafa i jej mieszkańcy" (“Лахва і яе жыхары").

 

 


Русецкая (Пільштынова) Саламея (1718 – пасля 1760) — асветніца, лекарка. Нарадзілася на Навагрудчыне  ў сям’і мешчаніна Яўхіма Русецкага. Шмат вандравала. Пабывала і на Лунінеччыне. Другім мужам яе быў Юзэф Пільштын. Міхаіл Радзівіл, якому належылі вялікія ўладанні на Лунінеччыне, накіраваў Юзэфа на службу ў Лахву. Сюды з Масковіі прыехала і Саламея. Пасля сябе Русецкая пакінула цікавы ўзор эпісталярнай спадчыны – дзённік-кнігу “Авантуры майго жыцця.” У ім – успаміны і ўласныя разважанні наконт тагачасных падзей, цікавыя замалёўкі партрэты людзей, якія  сустракаліся ў час яе вандровак па краінах Захаду і Усходу. 

 

 


Самуйлік Галіна Адамаўна — журналіст, аўтар паэтычных і празаічных твораў. Нарадзілася 28 лютага 1968 года ў Пінскім раёне. Зараз жыве ў Мікашэвічах. З 2003 года —  уласны карэспандэнт газеты "Информ-прогулка" (г.Лунінец), вядзе рубрыку "Жыццёвыя гісторыі".

 

 


Свібовіч Ірына


Сергіенка Яўгенія


Серпужтоўскі Аляксандр Казіміравіч (21 чэрвеня 1864 – 5 сакавіка 1940) – беларускі этнограф, фалькларыст, мовазнаўца, літаратар. Аўтар 45 друкаваных навуковых прац, удзельнік 25 этнаграфічных, антрапалагічных, лінгвістычных экспедыцый. Падчас адной з экспедыцый у 1910 г. А. К. Сержпутоўскі наведаў вёску Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна. Тут вучоны зрабіў некалькі здымкаў: Пакроўскай царквы, гаспадарчых вясковых забудоваў, групавых выяваў жанчын і дзяцей у святочнай і паўсядзённай вопратцы, драўлянага крыжа пасярод вёскі. На Лунінеччыне ім таксама запісаны чатыры казкі.

 

 


Спрынчан Аксана Вадзімаўна  — беларуская пісьменніца, паэт, дырэктар Паэтычнага тэатра «Арт. С.» (art-s.by), сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.Нарадзілася 23 жніўня 1973 года ў Лунінцы.  Друкуецца з 2000 году. Аўтар кніг «Вершы ад А.» (2004), «Хата для Моўчы» (2007), «ЖываЯ» (2008), «Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў» (2010), «Таташ Яраш, мамана Аксана, дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзіў» (2013) і інш.Частка вершаў Аксаны Спрынчан пакладзена на музыку. Песні на яе вершы выконвае беларускі гурт «Мерада».

 

 


Спрынчан Браніслаў


Спрынчан Вадзім


Старавойтаў Яўген


Тавянска-Міхальска Марыя-Аліна — польская пісьменніца. Нарадзілася ў 1929 годзе ў Лідзе. З 1933 па 1945 гады выхоўвалася ў Лунінцы. У 1945 годзе пакінула Лунінец, потым скончыла эканамічны факультэт Шчэцінскага  політэхнічнага універсітэта. Тут жа выкладала. Яе ўспаміны аб сям'і, якія захавалі старонкі гісторыі Лунінца, у розны час публікаваліся ў друкаваных выданнях Польшчы, ЗША, Беларусі. У 1995 г. Марыя Аліна Тавянска-Міхальска прыязджала ў Лунінец і сустракалася з аматарамі літаратуры.

 

 


Талстой Аляксей Мікалаевіч (29 снежня 1882 (10 студзеня 1883), Нікалаеўск, Самарская губерня — 23 лютага 1945 года, Масква) — рускі і савецкі пісьменнік і грамадскі дзеяч з роду Талстых. Аўтар сацыяльна-псіхалагічных, гістарычных і навукова-фантастычных раманаў, аповесцяў і апавяданняў, публіцыстычных твораў. Лаўрэат трох Сталінскіх прэмій першай ступені.У гады І Сусветнай вайны ў якасці ваеннага карэспандэнта бываў на Лунінеччыне.

 

 


Тацішчаў Васіль


 Таўлай Валянцін Паўлавіч (26 студзеня (8 лютага) 1914, Баранавічы — 27 чэрвеня 1947, Мінск) — беларускі паэт, літаратуразнаўца, заходнебеларускі дзеяч. Раннія дзіцячыя гады Валянціна Таўлая прайшлі ў Лунінцы, куды яго бацькоў-чыгуначнікаў накіравалі на працу ў пачатку Першай сусветнай войны.Супрацоўнічаў з беларускім камуністычным рухам. Друкавацца пачаў ў 1928 г. у заходнебеларускай прэсе. Аўтар публіцыстычных нарысаў пра рэвалюцыйна-вызваленчую і антыфашысцкую барацьбу. Пісаў літаратурна-крытычныя творы (пра творчасць Я. Купалы, П. Пестрака, Я. Брыля). Пераклааў на беларускую мову асобныя творы А. Міцкевіча, І. Крылова і інш.

 

 


Туміловіч Васіль Мікалаевіч — краязнаўца, фалькларыст. Нарадзіўся 1 лістапада 1953 года ў вёсцы Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна. Актыўна выступае ў друку, удзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях розных рангаў, у тым ліку міжнародных. Да важнейшых набыткаў В.Туміловіча належаць працы, прысвечаныя пісьменніцы Соф'і Прорвіч, гісторыі населяеных пунктаў Лунінецкага і Камянецкага раёнаў. Займаецца зборам фальклору. Ім запісана каля 400 адзінак тэкстаў вуснай народнай творчасці.

 

 


Федарэнка Андрэй


Федзюковіч Мікола


Філатаў (Карповіч) Віктар


Фядосік Віктар Анатольевіч  — беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар. Нарадзіўся 9 лютага 1951 г. у в.Сінкевічы Лунінецкага (тады Ленінскага) раёна, у сям’і вядомага беларускага вучонага-фалькларыста А.С. Фядосіка. З 1959 г. жыве ў Мінску. З'яўляецца найбуйнешым у Беларусі спецыялістам па гісторыі антычнасці і сярэдніх стагоддзяў Заходняй Еўропы, узначальвае беларускую навуковую школу вывучэння антычнага хрысціянства, заснаваную акадэмікам М.Нікольскім. Аўтар больш за 300 навуковых і навукова-метадычных работ, 5 манаграфій, больш за 10 навукова-папулярных кніг, 20 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для вышэйшай і сярэдняй школы.

 


Харламаў Анатоль


Хаўдзееў Александр


Хвастоў Яўген


Хмялеўская Людміла Васільеўна — журналіст, літаратар, літаратурны крытык. Нарадзілася ў 1978 г. у Лунінцы.Скончыла літаратурны інстытут ім. А. М. Горкага (г. Масква). Працуе ў рэгіянальнай газеце «Информ-прогулка» карэспандэнтам і відэографам. Друкавалася ў шэрагу літаратурных альманахаў і часопісаў. Выдала кнігу эсэ «Адлюстраванне» (2015) і кнігі прозы «Іронія быцця» (2016), «Азіраючыся навакол» (2017). Сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Лаўрэат міжнароднага конкурсу Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб'яднаныя мас-медыя» у намінацыях «Культура» (2014), «Журналісцкае раследаванне» (2015 – 2016), «Фотарэпартаж» (2016).

 

 


Цітовіч Ігар


Чапскі Мар'ян (1816 — 1875) –  даследчык, правазнаўца, пісьменнік, аўтар твораў “Гісторыя каня”, “Даследаванне пра пчалу”, нарадзіўся ў маёнтку Лахва Пінскага уезда (зараз Лунінецкі раён), удзельнічаў у паўстанні 1863 года. Усё жыццё цікавіўся развядзеннем коней. Яго трохтомнік “Усеагульная гісторыя каня” (Познань,1874)  лічыцца адной з лепшых прац у гіпалогіі. 

 

 


Шырма Рыгор


Ядвігін Ш.


Якавец Настасся Іванаўна (нар. 3.02.1949 у в.Лобча Лунінецкага р-на) – мастацкі кіраўнік народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву "Лабчанка”, аўтар жартоўных казак, баек, вершаў на "лабэцкай" мове, захавальніца старажытных абрадаў. Лаўрэат шматлікіх фестываляў і конкурсаў, у тым ліку міжнародных, удзельніца фестывалю “Сласянскі базар у Віцебску”. Двойчы ўдастоена звання “Чалавек года” ў сферы культуры раёна.

 

 


Яраховіч Марыя Аляксандраўнажурналіст, аўтар вершаў і мастацкіх замалёвак. Нарадзілася 21чэрвеня 1970г. на лясным хутары каля вёскі Вулька 2. Першая публікацыя  ўбачыла свет у 1989 г. у газеце “Лунінецкія навіны”.  З той пары яе вершы пастаянна друкуюцца на старонках газеты, а з 2013 г. М. Яраховіч працуе карэспандэнтам “Лунінецкіх навін” і таксама апрацоўвае паэтычныя радкі іншых аўтараў для газеты.